30 жніўня, у 18:45 паводле мінскага часу, у Манака пройдзе лёсаванне групавога этапу футбольнай Лігі чэмпіёнаў (памылкова пішуць, што ў 19:45, але гэта маскоўскі час).

Пасля заключных матчаў плэй-оф сталі вядомыя ўсе кошыкі Лігі чэмпіёнаў. Нагадаем, БАТЭ пасеяны ў чацвёрты кошык. Такім чынам у групу трапіць па адной камандзе з 1-га, 2-га і 3-га кошыкаў (прычым не могуць трапіць каманды з адной нацыянальнай асацыяцыі -- Англіі, Італіі, Іспаніі).

32 каманды будуць разбітыя на восем групаў па чатыры каманды ў кожнай. Зрэшты, як заўсёды.

1-ы кошык: «Чэлсі» Лондан (Англія), «Барселона» (Іспанія), «Манчэстэр Юнайтэд» (Англія), «Баварыя» Мюнхен (Нямеччына), «Рэал» Мадрыд (Іспанія), «Арсенал» Лондан (Англія), «Порту» (Партугалія), «Мілан» (Італія).

2-і кошык: «Валенсія» Іспанія, «Бенфіка» Лісабон (Партугалія), «Шахцёр» Данецк (Украіна), «Зеніт» Пецярбург (Расія), «Шальке-04» Гельзенкірхен (Нямеччына), «Манчэстэр Сіці» (Англія), «Брага» Партугалія, «Дынама Кіеў» (Украіна).

3-і кошык: «Алімпіякас» Афіны (Грэцыя), «Аякс» Амстэрдам (Нідэрланды), «Андэрлехт» Брусэль (Бельгія), «Ювентус» Турын (Італія), «Спартак» Масква (Расія), «ПСЖ» (Францыя), «Ліль» (Францыя), «Галатасарай» Стамбул (Турцыя).

4-я кошык: «Селтык» Глазга (Шатландыя), «Барусія» Дортмунд (Нямеччына), БАТЭ Барысаў (Беларусь), «Дынама» Заграб (Харватыя), ЧФР Клуж (Румынія), «Малага» (Іспанія), «Манпелье» (Францыя), «Нордшэланд» (Данія).

БАТЭ ні ў якім выпадку не зможа згуляць з камандамі з 4-га кошыка.

Летась БАТЭ гуляў у групавым турніры з «Барселонай», «Міланам» і «Вікторыяй» Пльзень. Першы раз БАТЭ прабіўся ў групавы раўнд Лігі чэмпіёнаў 2008 г., дзе згуляў з «Рэалам», «Ювентусам» і «Зенітам».

У сезоне 2009/2010 і 2010/2011 БАТЭ выступаў у групавым раўндзе Лігі Еўропы.

Лёсаванне Лігі чэмпіёнаў пачнецца ў 18:45 паводле мінскага часу і будзе паказана ў жывым эфіры на тэлеканале «Еўраспорт», будзе весціся анлайн-трансляцыя на сайце uefa.com.

Матчы групавой стадыі пройдуць 18-19 верасня, 2-3 кастрычніка, 23-24 кастрычніка, 6-7 лістапада, 20-21 лістапада, 4-5 снежня.

Дзве найлепшыя каманды з групы выходзяць у плэй-оф (1/8 фіналу), каманда, што зойме трэцяе месца, будзе гуляць у плэйоф Лігі Еўропы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?