Новыя станцыі мінскага метро — Міхалова, Грушаўка і Пятроўшчына — пачнуць перавозіць пасажыраў 7 лістапада.
Пра гэта паведаміў дырэктар дзяржаўнай установы «Сталічны транспарт і сувязь» Валерый Шкуратаў на прэс-канферэнцыі 30 жніўня.

Паводле яго меркавання, адкрыццё новых станцый першай лініі — «добры падарунак жыхарам Мінска, асабліва тым, хто жыве ў мікрараёнах Малінаўка, Паўднёвы Захад, Брылевічы». «Будаўнікі абяцаюць да гэтай даты здаць аб’ект, і мы атрымаем новы зручны хуткасны тып транспарту ў гэтым раёне», — сказаў ён.

Шкуратаў адзначыў, што метрапалітэн і транспартнікі Мінска гатовы да запуску новых станцый. Ідзе набор персаналу абслугоўвання і службаў.
«Мы гатовы адкрыць гэтыя 5,3 км новых пуцей», — сказаў дырэктар.

Паводле яго слоў, у будаўніцтва метро ўкладзены значныя сродкі з бюджэту горада. Так, адзін кіламетр будаўніцтва пуцей каштуе прыкладна 300 млрд. рублёў. Закуплена сем саставаў цягнікоў. Адзін вагон такога цягніка каштуе 980 млн. рублёў.

«Гэта значныя сумы, якія горад інвеставаў у гэты праект», — адзначыў Шкуратаў.

7 лістапада будзе абноўлена маршрутная сетка наземнага транспарту для падвозу да станцый метро.

Перад адкрыццём будзе праведзена тэставанне ўсіх сістэм метрапалітэна, прагон цягнікоў і іншая падрыхтоўчая работа.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?