Польшча

Улад адправіўся ў Польшчу па праграме Кастуся Каліноўскага, калі яго выгналі з медуніверсітэта ў Беларусі. Ён скончыў Медыцынскі ўніверсітэт у Лодзі (2011). Цяпер праходзіць інтэрнатуру ў Польшчы. Спецыяльнасць — доктар-стаматолаг.

Улад адзначае, што

ўзровень выкладання ў Беларусі і Польшчы прыкладна, аднолькавы. І там, і там аднолькава няпроста. «Але вялікая розніца ў абсталяванні: тут, у Лодзі, найноўшыя тэхналогіі. І прадметаў агульнага характару менш. Напрыклад, адсутнічае ідэалогія, гісторыя, мова». А што родніць з беларускім студэнцкім жыццём, то спісванне і вечарынкі.

Улад, Медуніверсітэт Лодзі, Польшча. Стыпендыя — $380. Жытло (інтэрнат) — $100. Абед у сталоўцы — $0,5.

«Спісваюць, і яшчэ як! Але на іспыты мусяць усё вывучыць, бо сістэма вельмі жорсткая і без дакладных ведаў ніхто не прапусціць, нават калі ты замежнік.

Шпоры выкарыстоўваюць найбольш на заліках. Іспыты ж адбываюцца ў тэставай форме, у вялізных аўдыторыях, пад наглядам выкладчыкаў і прафесараў.

Пытанні цяжкія і закручаныя. Але існуюць так званыя «гелды» — копіі пытанняў з іспытаў ранейшых гадоў. Яны зазвычай не паўтараюцца, але прынцып адказаў можна зразумець і на што робіцца найбольшы ўхіл».

Што да вечарынак, то яны праходзяць масава.

«У інтэрнаце вечарынкі адбываюцца на калідоры — ніхто не замыкаецца ў пакоі.

У прынцыпе, кожны студэнт можа сабе дазволіць наведваць кавярні. Кавярняў і бараў шмат, і ў іх не завоблачныя цэны. Уваход у клуб часцей за ўсё свабодны, пакажы «студак» — і ты ўнутры. П’юць польскія студэнты таксама шмат. Толькі напоі самыя розныя, і можа нават больш піва, чым гарэлкі».

Студэнты маюць ільготы не толькі пры наведванні клубаў. Амаль на ўвесь гарадскі і міжгародні транспарт зніжкі — 50%, у кінатэатры калі не задарма, то са зніжкай.

«Падпрацоўваць студэнт-медык не мае шанцаў. На вучобе мы праводзілі па 10-12 гадзінаў.

Хіба што ўначы, але мусіш яшчэ і падрыхтавацца да калоквіумаў ды шараговых заняткаў».

Цяпер Улад рыхтуецца да пяцігадовай працы «спэцка», то бок паглыблення ў спецыялізацыю. Гэта дазволіць яму займацца не толькі агульнай практыкай, але і быць адмысловым спецыялістам, напрыклад, па пратэзаванні. А гэта большыя перспектывы. Але спачатку трэба прайсці тэставанне, якое ўключае пытанні з усяго курса навучання. І хаця ў Польшчы медык яшчэ не самая прэстыжная і высокааплочваная прафесія, але недалёка ад таго.

ЗША

У Беларусі Антон Трафімовіч атрымаў прафесію журналіста. Вырашыў удасканальваць веды па гэтай спецыяльнасці і ў ЗША ў Дзяржаўным ўніверсітэце Канзаса. Атрымаў гадавую стыпендыю Эдмунда Маскі і адправіўся ў тэорыі і на практыцы знаёміцца са стандартамі амерыканскай журналістыкі.


Пасля заняткаў з выкладчыкам можна і кавы выпіць. Антон інтэрв’юіруе прафесара.

«Я выпадкова натрапіў на гэтую праграму. Мне даўно хацелася пажыць у іншай краіне, сустрэць людзей, выхаваных на іншых каштоўнасцях. Для мяне гэта не менш важна, чым сама адукацыя. Амерыка стала ідэальнай краінай у гэтым сэнсе.

Я ведаю англійскую мову і без цяжкасцяў змог прыстасавацца да паўсядзённага жыцця і да заняткаў.

Да таго ж у ЗША прыязджаюць вучыцца студэнты з розных краін. Таму, жывучы ў цэнтры Канзаса, можна пазнаёміцца з самымі далёкімі і невядомымі культурамі. У маім універсітэце вучацца прадстаўнікі 102 краін. Гэта літаральна паўсвету! А з беларусаў я і яшчэ адзін аспірант».

Антон, Дзяржаўны ўніверсітэт Канзаса, ЗША. Жытло (інтэрнат) — $1000 з харчаваннем уключна. Абед, калі асобна — $4-8.

Навучанне ў Амерыцы дарагое. І, каб не стыпендыя, якая пакрывае ўсе выдаткі, Антон не здолеў бы сам аплочваць універсітэт. У залежнасці ад шэрагу акалічнасцяў цана вагаецца ад 6 да 18 тысяч даляраў у год. Але існуе сістэма льготаў. Калі бацькі маюць невысокія заробкі, дзяржава можа аплаціць большую частку кошту навучання. Альбо магчыма атрымаць дзяржстыпендыю. Яшчэ існуюць прыватныя стыпендыі. А можна зарабіць і самому: працаваць над вучэбнымі праектамі ў лабараторыях альбо дапамагаць прафесарам пры правядзенні іх даследаванняў. «Усё залежыць ад таго, наколькі вялікі фонд у прафесара.

Напрыклад, шмат студэнтаў-інжынераў працуюць над праектамі для НАСА, і стыпендыя для гэтай праграмы вельмі прыстойная. Таму ў студэнтаў застаюцца дадатковыя грошы».

Навучальны ж працэс ў асноўным праходзіць самастойна. У дзень па 2-3 заняткі. «Але астатні час не вольны. Многія студэнты проста жывуць у бібліятэцы, якая працуе 24 гадзіны на суткі. Тамака ёсць кавярня і нават канапы, на якіх можна адпачыць». Вучоба, канечне, хоць і займае большасць часу, але не ўвесь. «Я часта стараюся выбрацца куды-небудзь: катаюся на ровары, плаваю на байдарцы, наведваю спорткомплекс, падарожнічаю». Не мінаюць студэнцкае жыццё і вечарынкі, на якіх, як прывыклі бачыць па фільмах, шмат алкаголю і людзей.

«Праз тое, што ў ЗША можна піць з 21 года, як толькі студэнтам спаўняецца столькі, яны проста вар’яцеюць ад шчасця і штотыдзень ладзяць вечарынкі.

Але сярод маіх сяброў большасць — студэнты-магістры, якія ўжо перажылі гэты перыяд».


Інтэлектуальныя гульні за півам — звычайная справа для студэнтаў у ЗША. Фота Томі Тайза.
Побыт студэнтаў там, за акіянам, падобны да беларускага. Галоўнае адрозненне хіба ў цэнах.
«Большасць студэнтаў наймае кватэру, таму што гэта нашмат танней. У сярэднім пакой каштуе 350 даляраў у месяц, плюс 50-100 даляраў з чалавека ідзе на камунальныя паслугі. Пражыванне ў інтэрнаце абыходзіцца ад 3,5 да 7 тысяч даляраў у семестр (гэта ўключна з харчаваннем)».

Па ўмовах праграмы ўсе студэнты-замежнікі пасля вучобы мусяць выехаць з ЗША (нават варыянты з жаніцьбай не спрацоўваюць). Больш за тое, на працягу двух наступных гадоў яны не маюць права атрымаць амерыканскую візу. Але Антон адзначае тэндэнцыю, што шмат студэнтаў не хочуць вяртацца на радзіму. «Сярод іх і брытанцы, і французы, і аўстралійцы. У той жа час шмат амерыканцаў не хочуць заставацца ў ЗША. Людзям хочацца новага, хочацца пабачыць свету. Пасля атрымання дыплома яны шукаюць працу на Блізкім Усходзе, ва Усходняй Азіі».

Антон жа вяртаецца ў Беларусь. Ці атрыманыя за мяжой веды спатрэбяцца яму на радзіме? «Я не за дыпломам ехаў — за досведам. Вядома, змагу прымяніць і веды.

Любы замежны вопыт каштоўны, бо ён дазваляе па-новаму паглядзець на рэчы, якія мы лічым сталымі».

Расія

Едуць беларусы вучыцца і ў Расію.

Воля Вербіловіч скончыла БДУ — сацыёлаг. А сёлета атрымала дыплом магістра ў Вышэйшай школе эканомікі ў Маскве.

Воля — магістр па ўсіх канонах.

«Выбірала ў першую чаргу не краіну, а навучальную ўстанову і кірунак навучання. Публічная сацыялогія — напрамак новы, але блізкі ідэйна да майго разумення гэтай навукі. Па-першае, гэта актывісцкая сацыялогія, якая ў сваім фокусе трымае пратэставыя рухі, грамадскія аб’яднанні, некамерцыйныя арганізацыі, грамадзянскую супольнасць. Па-другое, гэты напрамак збольшага арыентуецца на якасную метадалогію (case study, наратывы, фокус-групы), што мне таксама бліжэйшае».

Воля, Вышэйшая школа эканомікі, Масква. Стыпендыя — каля $100. Жытло (інтэрнат) — $1,5. Харчаванне ў сталоўцы (на дзень) — $6-11.

У ВШЭ для грамадзян з краін СНД існуюць бюджэтныя месцы, якія прадугледжваюць таксама і месца ў інтэрнаце

(платнае навучанне каштуе прыкладна $6300 на год). За інтэрнат жа даводзіцца плаціць 1,5 даляры на месяц. Танна, але нязручнае месцазнаходжанне — у Падмаскоўі. І дарога займае паўтары-дзве гадзіны.


Вольны час у інтэрнаце студэнты бавяць за гульнямі.

«Час вучобы — індывідуальная справа, бо кожны сам вызначае свой навучальны план у пачатку года — выбіраеш курсы, якія жадаеш вывучаць. На першым годзе — 4 пары 3-4 разы на тыдзень. За падручнікамі, калі хочаш нармальна вучыцца і нешта атрымаць, трэба праводзіць амаль увесь вольны час. Але рэальна выходзіла 2-3 гадзіны штодня».

Не менш важна для дзяўчыны было атрыманыя веды прымяняць на практыцы.

«Асноўная частка заняткаў праходзіць увечары, што дазваляе працаваць па спецыяльнасці, хаця б няпоўны дзень.

Пры ўніверсітэце ёсць шмат даследчых лабараторый, у якіх працуюць бакалаўры і магістранты». На другі год навучання Вольга таксама пайшла працаваць. «Толькі на стыпендыю жыць немагчыма, бо яна даецца прыблізна пятай частцы студэнтаў і яна не большая за 100 даляраў. А калі ты не ў першай пяцёрцы, то меншая напалову».

Воля — не адзіная беларуска ў ВШЭ. «Са мной навучалася яшчэ 5 чалавек (тыя, з кім вучылася ў БДУ). Беларускія студэнты не дэманструюць жадання аб’ядноўвацца і рабіць нешта разам, хоць беларусаў шмат на розных спецыяльнасцях. Адзінай нефармальнай суполкай для нас увогуле была група «Беларусы Масквы» у Фэйсбуку».

Маскву Оля не лічыць для сябе камфортным горадам. Але на 2-3 гады яшчэ думае там застацца. Разглядае магчымасць вучобы ў аспірантуры —

для аспірантаў ёсць дастаткова выгадныя стыпендыі і замежныя стажыроўкі.

«Калі ж не атрымаецца — працягну працаваць у міжнароднай даследчай маркетынгавай кампаніі. Магчыма, буду шукаць новыя напрамкі развіцця ў «трэцім сектары» — даследчая і грамадская дзейнасць у сектары некамерцыйных арганізацый».

Швецыя

Людміла пасля заканчэння факультэта міжнародных адносінаў БДУ працавала на мінскім «Атланце», потым — у офісе АБСЕ ў Беларусі, пакуль яго не зачынілі. Але не пакідала думку працягнуць адукацыю за мяжой. Дзяўчына ў выніку падала дакументы ва ўніверсітэты Швецыі, Галандыі і Англіі. І з другой спробы атрымала стыпендыю на магістарскую праграму «Стратэгічнае прадпрымальніцтва» ў шведскім горадзе Ёнчопінг.

Каб паступіць, ад абітурыента патрабавалі толькі сертыфікат на валоданне англійскай мовай, рэзюмэ і матывацыйны ліст, але ніякіх адмысловых іспытаў па эканоміцы.

«Трэ было коратка, упэўнена і не саромеючыся падкрэсліць свае «плюсы». Даказаць шведам, што менавіты ты ім патрэбны. Я была даволі сарамлівым чалавекам. А бізнэс-адукацыя і жыццё ў Швецыі далі мне зразумець, наколькі важна правільна сябе падаць», — сёння дзяўчына ўжо ўпэўненая ў сваіх магчымасцях.

Людміла, магістарская праграма ў Ёнчопінгу, Швецыя. Стыпендыя — $1100. Жытло — каля $500.

Працэс навучання ў Швецыі мае свае адметнасці. Студэнты больш займаюцца самастойна.
Па прадмеце чытаецца тры-чатыры лекцыі. «Прыходзіць лектар, чытае лекцыю, кажа «да пабачэння» і сыходзіць. Тут ёсць паняцце гасцявой лекцыі, калі прыязджае выкладчык з нейкай кампаніі. Ён хвілін дваццаць расказвае, затым яму задаюць пытанні». Калі ты сам не здольны вучыцца — высокакласным спецыялістам наўрад ці станеш.
Яшчэ адна асаблівасць — групавая праца. «Спачатку гэта было нязвыкла.
Разам з табой студэнты, напрыклад, з Балгарыі і Ірана. У кожнага свой характар і «свая» англійская мова». Але з часам яна пераканалася, што вынік працы ў групе атрымліваецца лепшы, чым калі б усё рабіла сама.

Універсітэт Людмілы пазіцыянуе сябе як міжнародны. «Я пазнаёмілася з людзьмі з усяго свету — ад Інданэзіі да Мексікі. Для мяне перасталі існаваць стэрэатыпы пра жыхароў розных краінаў, якія ёсць у нашым грамадстве».


Сярод аднагрупнікаў Людмілы (у чырвоным шаліку) — прадстаўнікі розных краін.

А вось шведаў ва ўніверсітэце мала. Цалкам пранікнуцца шведскай культурай не ўдалося.

Стыпендыя, якую яна атрымлівае, па нашых мерках не малая: каля 1100 даляраў. Але ў Швецыі на такія грошы асабліва не пашыкуеш, улічваючы, што амаль палова сумы ідзе на пражыванне. «Пасля канікулаў я везла ў Швецыю беларускую грэчку, кілбасу, кавалак сала і цукеркі», — смяецца дзяўчына.

«Падчас вучобы за мяжой я адчуваю сябе больш касмапалітычнай. Можна сказаць, грамадзянкай свету. Але ў мяне з’явілася цікавасць да беларускай музыкі, культуры, мовы, чаго раней не было». На думку Людмілы, быць патрыётам Беларусі можна і за мяжой. «Я лічу, што гэта частка патрыятызму, калі ты распавядаеш іншым пра сваю краіну, спрабуеш паўплываць на негатыўнае меркаванне пра яе. Так, ёсць праблемы ў палітычнай сітуацыі. Але я спрабую расказаць пра тое добрае, што ёсць у нас».

Нідэрланды

Былы палітпрызыўнік Зміцер Жалезнічэнка — праграміст-магістрант з Дэлфцкага тэхналагічнага ўніверсітэта ў Нідэрландах. Ён атрымаў стыпендыю галандскага ўрада, калі яго адлічылі з матфака Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта па палітычных матывах. Стыпендыя пакрывае навучанне і пражыванне. Перад магістратурай скончыў Вышэйшую тэхнічную школу ў Дымене (прыгарад Амстэрдама).

Зміцер Жалезнічэнка.
Вышэйшая адукацыя ў Галандыя платная, але не дарагая па еўрапейскіх мерках: каля €1500 на год.

Пры гэтым студэнтам могуць кампенсаваць праезд у грамадскім транспарце, які ў краіне даволі дарагі, ці пражыванне. З улікам усіх бонусаў адукацыя атрымліваецца амаль бясплатнай.

Зміцер, Дэлфцкі тэхналагічны ўніверсітэт, Нідэрланды. Стыпендыя — каля $1200. Жытло (пакой) — каля $560. Абед — $6.

Будынак студэнцкага інтэрната, у якім давялося жыць Змітру яшчэ падчас навучання ў Дымене, уяўляў гару грузавых кантэйнераў. Такое «таннае і злоснае» жыллё для студэнтаў з’явілася ў Галандыі некалькі год назад. Кошт пражывання ў такім інтэрнаце — 300 еўра ў месяц. На ўваходзе няма звыклых для беларускіх студэнтаў вахцёрак, якія правяраюць пропуск — поўная свабода ў перасоўванні. Праўда, з суседам па пакоі Змітру не пашанцавала: шмат піў і не прыбіраў за сабой.


Студэнцкі інтэрнат нагадвае вагончыкі будаўнікоў.

Цяпер малады чалавек здымае пакой у Ратэрдаме за 450 еўра — на вучобу ў Дэлфт дабіраецца на прыгарадным цягніку. Дарога займае 20 хвілінаў. «Добра наладжаны грамадскі транспарт. Цягнікі ходзяць раз на 15 хвілін. Не трэба ведаць расклад, проста ідзі на станцыю і сядай».

На ўласных аўто студэнты ездзяць не часта. Па-першае, шмат часу губляецца ў ранішніх заторах. Па-другое, у цэнтры дарагая паркоўка. Дзяржава свядома правакуе адмову ад уласнага аўтратранспарту на карысць грамадскага і ровараў.

Усе вядучыя ўніверсітэты Галандыі датуюцца дзяржавай (апроч некаторых прыватных бізнэс-школ). Вышэйшая адукацыя мае дзве ступені: бакалаўрыят (тэрмін навучання 3-4 гады) і магістратура (1-2 гады). Веды студэнтаў, як і ў нас, ацэньваюцца па 10-бальнай шкале. Мінімальны праходны бал — 5,5. Выкарыстоўваць «шпоры» ці «бомбы» не прынята.

«За спісванне прадугледжаны самыя сур’ёзныя пакаранні. За час вучобы яшчэ не разу не чуў, каб нехта спісаў»,

— кажа Зміцер.

Галандскія студэнты спакойна ставяцца да алкаголю і амаль не паляць. «Такога няма, што жыццё пабудавана на тым, каб збегчы з пары і пайсці піць піва. Калі я вучыўся ў Гомелі, у пэўнай часткі студэнтаў памкненні былі такія». І такога, каб на парах абмяркоўвалі, хто ў які клуб схадзіў, што выпіў, таксама не сустракаў. На лекцыях займаюцца прадметамі,
кажа Зміцер. Для яго аўтарытэтны студэнт — гэта той, які удзельнічае ў дыскусіях на парах, дае грунтоўныя адказы. Іначай, як зразумець, што гэта цікавы чалавек, з якім можна паразмаўляць, ад якога можна нешта даведацца?

Ва ўніверсітэце ёсць спартовыя і культурныя секцыі — танцы, опера, балет. А вось традыцыі правядзення канцэртаў студэнцкай самадзейнасці ці КВК там няма.

Для Змітра вучоба хутчэй нагадвае працу: прыйшоў, адпрацаваў, дасягнуў нейкіх мэтаў сваіх і сышоў.

Сусветны вебаметрычны рэйтынг ўніверсітэтаў

Дэлфцкі тэхналагічны ўніверсітэт — 85.

Канзаскі дзяржаўны ўніверсітэт — 365.

Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт — 595.

Вышэйшая школа эканомікі — 765.

Медыцынскі ўніверсітэт у Лодзі — 2587.

Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт — 3743.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?