Цэнтрвыбаркам на пасяджэнні 30 жніўня не задаволіў скаргу на адмову ў рэгістрацыі кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў актывіста кампаніі «Гавары праўду!» Міхаіла Пашкевіча, які балатаваўся па Купалаўскай выбарчай акрузе № 95.

На думку акруговай камісіі, у Пашкевіча выяўлена дастатковая колькасць несапраўдных подпісаў, якая не дазваляе яго зарэгістраваць кандыдатам у дэпутаты. Свае высновы аб несапраўднасці подпісаў камісія рабіла на падставе меркавання эксперта.

У той жа час, паведаміў Пашкевіч, у яго ёсць заявы прыкладна ад паловы грамадзян, што падпісаліся, якія пацвярджаюць: яны ўласнай рукой ставілі даты і подпісы ў падпісных лістах.

На пытанне аб тым, ці ёсць у акруговай камісіі заявы грамадзян, у якіх яны пацвярджаюць, што не самі ставілі дату подпісу, яе прадстаўнік сказаў, што грамадзяне адмовіліся гэта зрабіць.

Член Цэнтрвыбаркама з правам дарадчага голасу ад Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» Сяргей Калякін заявіў, што «не бачыць ніякіх прычын для адмовы ў рэгістрацыі Пашкевіча кандыдатам у дэпутаты». «Іншае рашэнне можа быць толькі палітычна матываваным, каб не дапусціць яго да ўдзелу ў выбарах», — сказаў ён.

ЦВК адмовіла ў задавальненні скаргі Пашкевіча аднагалосна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?