Энэргетычны канфлікт паміж Расеяй і Беларусьсю стаў перашкодай на шляху фармаваньня Мытнага саюзу. Як стала вядома расейскай газэце «КоммерсантЪ» з пратаколу рознагалосьсяў паміж Расеяй, Казахстанам і Беларусьсю, беларускі бок патрабуе ўзгадняць з усімі ўдзельнікамі саюзу, які ствараецца ў рамках ЭўрАзЭС, стаўкі ўсіх экспартных мытаў. Расея выступае катэгарычна супраць, а Казахстан прапаноўвае стварыць сьпіс «адчувальных» тавараў, па якіх пошліны ў рамках саюзу ўсё ж мяркуецца ўзгадняць.
Гэта вынік чацьвёртага паседжаньня Рады па фінансава‑эканамічнай палітыцы краін‑удзельніц Эўразійскай эканамічнай супольнасьці (ЭўрАзЭС), што прайшло ў Казані ў пятніцу. Са словаў генэральнага сакратара ЭўрАзЭС Рыгора Рапоты, падрыхтаваны пакет з 24 дакумэнтаў, прыняцьце якіх дазволіць сфармаваць саюз. Але наконт 8 з 24 праектаў маюцца прынцыповыя рознагалосьсі.
Абвясьціўшы свае патрабаваньні, Беларусь спрабуе пазбавіцца ад экспартнай пошліны на нафту, што пастаўляецца ў Беларусь.
Зыход спрэчкі можна будзе прагназаваць ужо праз дзесяць дзён падчас паседжаньняў ЭўрАзЭС на ўзроўні кіраўнікоў урадаў, якое пройдзе ў Астане 18 красавіка, піша «КоммерсантЪ».