30.08.2012 / 20:21

Прырост ВУП у 2013 годзе плануецца на ўзроўні 8,5, экспарту — 15,2%

Пра гэта ў справаздачы Лукашэнку паведаміў Мясніковіч.

Па словах Мясніковіча, якія прыводзіць прэс-служба Лукашэнкі, у цэлым для эканомікі прапануюцца няпростыя паказчыкі. Пры гэтым упор робіцца на інавацыйную накіраванасць, пашырэнне таварнай наменклатуры, для чаго будуць стварацца сучасныя вытворчасці. У цэлым урад ацэньвае аб’ём інвестыцый наступнага года ў 20 млрд. даляраў. З бюджэту выдзяляецца 2 трлн. рублёў «на прынцыпова новыя праекты інавацыйнай накіраванасці, так званы інавацыйны фонд». Акрамя таго, ва ўрадзе дамовіліся аб канцэнтрацыі часткі чыстага прыбытку, які застаецца ў распараджэнні дзяржаўных прадпрыемстваў, на прыярытэтныя праекты, «якія будуць вызначаць твар беларускай эканомікі».

Лукашэнка «падтрымаў асноўныя падыходы ўрада». У бліжэйшы час будзе праведзена нарада «па разглядзе ходу выканання прагнозу бягучага года і ўстанаўлення задач на 2013 год».

У бліжэйшы час да беларускіх дыпмісій будуць даведзены мэтавыя заданні па аб’ёмах экспарту і прамых замежных інвестыцыях. У сярэдзіне наступнага года кіраўнікі дыпмісій здадуць справаздачу аб выкананні пастаўленых задач.

Лукашэнка адзначыў, што пытанні сацыяльна-эканамічнага плану будуць абмеркаваны пры разглядзе асноўных кірункаў развіцця і бюджэту на будучы год. Ён нагадаў, што гэтыя асноўныя дакументы, якія вызначаюць развіццё краіны, павінны быць гатовыя да канца месяца, каб забяспечыць іх прыняцце да абрання новага парламента.

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру