Рупар моладзі 34mag дае магчымасць выказацца кожнаму. На сувязі рабкор. Прыбіральшчыца, прараб на будоўлі, машыніст сцэны, слесар і дапаможны рабочы на заводзе разважаюць пра жыццё, любоў, прафесію, замежжа, патрыятызм і лёс краіны. Просім паставіцца да тэксту і герояў з павагай, бо мы за дэмакратыю.

Алена, 26 гадоў, прыбіральшчыца

Нарадзілася ў г.п. Свіслач, скончыла сельскагаспадарчае вучылішча ў Ганцавічах па спецыяльнасці «плодагароднінавод, кухар, шавец», а таксама трохмесячныя курсы на «аператара ЭВМ». Пасля вучобы вырашыла вярнуцца дамоў.

Адразу працавала на пошце, пасля – няўдалы шлюб, паўтара месяца на племзаводзе «Індустрыя» і нават рытуальная сфера. Вось такі калейдаскоп!

Цяпер працую прыбіральшчыцай на газанапаўняльнай станцыі. У мае абавязкі ўваходзіць збор смецця і дагляд за кветнікамі на тэрыторыі станцыі. Заробкі ў нас, як у менскіх бальніцах, – не вышэйшыя за 1,7 мільёна. На працы, як і паўсюль, кожны сам за сябе: выжывеш – значыць будзеш жыць, не выжывеш – затопчуць.

У вольны час займаюся толькі вышываннем – гэта маё асноўнае захапленне, на вуліцу амаль не выходжу. Калі ў студэнцкія гады ўсе дзеўкі бегалі па кавалерах і дыскатэках, мне дастаткова было ўзяць іголку з ніткай ды канву – і я паглыблялася ў справу з галавой.
Мне падабаецца, калі я адчуваю кожную клетачку, кожнае шво, мне нават пяльцы не патрэбныя. Цяпер раблю невялікае палатно памерам 36х26 з выявай зімняга пейзажу – і гэтая праца паедзе ў Менск, знайшла замоўцу праз odnoklassniki.ru.
Пад сваю няхітрую справу люблю слухаць музыку: калі хочацца інструменталу, то гэта абавязкова Дзідзюля (мая няздзейсненая мара – трапіць на яго канцэрт), таксама падабаецца група «На-На» (фактычна, гэта нашая гісторыя), «Тяни-Толкай» і англамоўная Atlantica.

Беларусь для мяне – гэта тое месца, дзе я нарадзілася, месца, да якога я прызвычаілася. Ад’язджаючы ў іншую краіну (была толькі ў Расіі ды Украіне), разумееш, што там жыццё кіпіць, а ў нас ідзе сваім парадкам. Вельмі хочацца, каб у сельскай мясцовасці былі годныя заробкі, каб моладзь не з’язджала ў горад, а наадварот, усе імкнуліся пераехаць у вёску, на прыроду.

У Еўропу з’ездзіць, вядома, ёсць жаданне, у тую ж Польшчу або Чэхію, але заробак не дазваляе. Мне падаецца, што там вельмі дорага жыць, асабліва для нас. Плюс неабходна ведаць іхнія мясцовыя мовы, а хто ў нас тут ведае нават англійскую?

Дэвізу па жыцці, як такога, няма. Адное – я веру, што ўсё атрымаецца. Як гавораць на «Рускім радыё», усё будзе добра. Мая праўда жыцця: кожны адчувае шлях па-свойму.

Працяг чытайце ТУТ.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?