Аляксандр Лукашэнка раскрытыкаваў інвестыцыйную дзейнасць у Мінску. Гэта было зроблена 30 жніўня падчас даклада старшыні Мінгарвыканкама Мікалая Ладуцькі.

Як паведаміла прэс-служба прэзідэнта, Лукашэнка быў праінфармаваны аб перспектывах развіцця Мінска, у тым ліку аб удасканаленні інвестыцыйнай дзейнасці і комплексным развіцці сталіцы, а таксама аб падрыхтоўцы гарадскіх жыллёва-камунальных і дарожных службаў да працы ў восенька-зімовы перыяд.

Лукашэнка нагадаў, што было вельмі шмат скаргаў на цяжкасці, якія ўзнікаюць з рэалізацыяй інвестпраектаў у сталіцы. Тое, што тут сапраўды маюцца сур’ёзныя праблемы, пацвердзіў і факт затрымання праваахоўнымі органамі першага намесніка старшыні гарвыканкама.

«Гэта ж нядобра, калі першы намеснік старшыні Мінгаравыканкама браў хабар, — зазначыў беларускі кіраўнік. — Тут жа не скажаш, што гэта накат нейкі — факт дачы хабару зарэгістравалі.
Прычым тое, што паказалі па тэлебачанні, гэта не першы выпадак хабару. Я вымушаны быў пагадзіцца на правядзенне супраць яго аператыўна-следчых дзеянняў, аператыўных мерапрыемстваў, калі мне паведамілі, што ён напрапалую гэтым займаўся. Добра, што своечасова яго прыхапілі. Нібыта за зямельны ўчастак ён вымагаў грошы і гэтак далей. Ну дык якія інвестары будуць да нас ісці і радавацца таму, што прыйшлі?»

Афіцыйны лідар запатрабаваў поўнасцю выключыць факты злоўжыванняў як у гэтай, гэтак і ў іншых сферах: «Не павінна быць ніякіх шчылін для супрацьпраўных дзеянняў з боку чыноўнікаў, якія звязаны з інвестыцыйнай дзейнасцю». У сувязі з гэтым Ладуцька зазначыў, што Мінгарвыканкам прыняў меры па недапушчэнні ў наступным такіх з’яў.

Лукашэнка заявіў: «Трэба навесці дакладны парадак у інвестыцыйнай дзейнасці

. Мінск як сталіца павінен з’яўляцца прыкладам і ўзорам для іншых гарадоў, тут неабходна стварыць максімальна спрыяльныя ўмовы для прыцягнення інвестыцый, асабліва прамых». Сёлета ў плане прыцягнення прамых замежных інвестыцый у Мінску «сітуацыя здавальняючая». За сем месяцаў у эканоміку горада іх прыцягнута больш як 600 млн. долараў. Лукашэнка паставіў задачу да 2013 года павялічыць гэты паказчык да 900 млн.

Ладуцька праінфармаваў беларускага кіраўніка пра шэраг інвестыцыйных праектаў, у сувязі з чым апошні даў «канкрэтныя даручэнні па іх рэалізацыі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?