Суд Першамайскага раёна Мінска 30 жніўня паўторна разгледзеў і пакінуў у сіле прыгавор у дачыненні да Леаніда Мажальскага, які выступае супраць ушчыльнення забудовы ў мікрараёне Уручча-2,
паведаміў паплечнік і грамадскі актывіст Мажальскога Віктар Янчурэвіч.

Як паведамлялася раней, Мінскі гарадскі суд 3 жніўня разгледзеў касацыйную скаргу на рашэнне суда Першамайскага раёна і пастанавіў перагледзець яго зноў у раённым судзе. 18 ліпеня 58-гадовы Леанід Мажальскі быў асуджаны на пяць сутак адміністрацыйнага арышту і аштрафаваны на 2 млн. рублёў намеснікам старшыні суда Першамайскага раёна Аленай Ананіч.

Мажальскі быў абвінавачаны на падставе артыкулаў 17.1 (дробнае хуліганства), 23.4 (непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні ею службовых паўнамоцтваў) і 23.34 (парушэнне парадку арганізацыі ці правядзення масавага мерапрыемства або пікетавання) Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях.
Па першым артыкуле ён асуджаны на двое сутак адміністрацыйнага арышту, па другім — прыгавораны да штрафу ў 20 базавых велічынь (2 млн. рублёў), па трэцім — асуджаны на трое сутак арышту.
17 ліпеня ў судзе супрацоўнікі будаўнічай арганізацыі, якія будуць узводзіць два дамы ў скверы на скрыжаванні вуліц Шугаева і Русіянава, зазначылі, што Мажальскі 4 ліпеня перашкаджаў правядзенню будаўнічых работ,
паўставаў перад тэхнікай, перашкаджаў разгрузцы агароджы. Яны сцвярджалі, што паказалі Мажальскаму і іншым людзям, якія знаходзіліся на аб’екце, дакументы на дазвол будаўніцтва. Яны абвінавацілі Мажальскага ў тым, што ён абражаў рабочых, называючы іх «фашыстамі і катамі».

Паказанні таксама далі супрацоўнікі УУС Першамайскага раёна. Паводле іх слоў, 5 ліпеня да іх паступіла заява ад аднаго з прадстаўнікоў будаўнічай арганізацыі аб тым, што Мажальскі іх абразіў і перашкаджаў працы. У гэты ж дзень супрацоўнікі міліцыі прапанавалі Мажальскаму прайсці ў аддзел міліцыі для растлумачэнняў. Аднак, паводле іх слоў, ён адмовіўся гэта зрабіць, спасылаючыся на тое, што яму не прыйшла позва. У Мажальскага здарыўся гіпертанічны крыз, і на «хуткай» ён быў дастаўлены ў бальніцу, дзе яму аказалі дапамогу.

Сведкі абароны заявілі, што Мажальскі не перашкаджаў працы тэхнікі і будаўнікоў, нікога не абражаў і не супрацівіўся работнікам міліцыі. Яны таксама расказалі, што 5 ліпеня быў не мітынг, а сход членаў будаўнічага кааператыва, на якім абмяркоўвалася пытанне далейшага лёсу сквера, у якім улады плануюць будаўніцтва двух дамоў.

Паводле слоў Янчурэвіча, Мажальскі мае намер яшчэ раз падаць касацыйную скаргу на рашэнне раённага суда ў Мінскі гарадскі суд. На думку Янчурэвіча, «рашэнне суддзі заканамернае, бо раней рашэнне было прынята намеснікам старшыні суда. Іншае паставіла б пад сумненне яго прафесіяналізм у вачах кіраўніцтва».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?