Школьныя канікулы ў Беларусі могуць стаць карацейшыя, заявіў у праграме «Актуальнае інтэрв’ю» на тэлеканале «Беларусь 1» міністр адукацыі Сяргей Маскевіч.

«Параўноўваючы колькасць вучэбных тыдняў, вучэбнай нагрузкі, працягласць канікул у нас і іншых краінах, мы бачым, што канікулярны перыяд можа быць карацейшы і нагрузка больш раўнамерна размеркавана на працягу навучальнага года», — сказаў міністр.

Сяргей Маскевіч падкрэсліў, што ў 2012 годзе працягласць навучальнага года змяняцца не будзе — у адпаведнасці з Кодэксам аб адукацыі.

«На працягу гэтага года прааналізуем эфектыўнасць факультатыўных заняткаў і прымем рашэнне, як нам выкарыстоўваць і факультатывы, і ўрокі, і канікулярны час, каб палепшыць вынік», — растлумачыў міністр, паведамляе БелТА.

Першы раз думку пра павелічэнне працягласці навучальнага года Сяргей Маскевіч агучыў на мінулым тыдні падчас педагагічнай канферэнцыі ў Мінску.

Учора старшыня пастаяннай камісіі палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры, навуцы і навукова-тэхнічным прагрэсе Уладзімір Здановіч падверг крытыцы такія інавацыі, заявіўшы, што летнія канікулы з 1 чэрвеня да 1 верасня замацаваны ў Кодэксе аб адукацыі, і ніхто не мае права яго парушаць.

«Летнія вакацыі ў нас замацаваны ў кодэксе вельмі выразна. Навучальны год з 1 верасня па 31 мая. Ніхто не мае права парушаць кодэкс.
Нават калі хтосьці паспрабуе, гэта будзе вельмі доўгая працэдура наперадзе», — сказаў дэпутат.

«Скажу шчыра як прафесійны педагог [дырэктар гімназіі],

як толькі вясновае сонца свеціць у акно, пра вучобу можна паціху забываць, бо дзеці глядзяць у гэтае акно і мараць, як бы сысці», — адзначыў дэпутат.

***

А што Вы думаеце наконт гэтага? Ці прывядзе павелічэнне навучальнага года ў чэрвені да якаснага прарыву ў школьнай адукацыі.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?