Зрынуты рэвалюцыяй 2005 года экс-прэзідэнт Кыргызстана Аскар Акаеў выбачыўся перад кіргізамі за памылкі, якія ён дапусціў падчас свайго кіравання краінай ў 1990—2005 гг. Аскар Акаеў сказаў:

«Паважаныя суайчыннікі, кіргіскі народ і кіргістанцы! Мы святкуем 21-я ўгодкі незалежнасці краіны. І я хачу скарыстацца нагодай і звярнуцца да вас. 14 гадоў вы даверылі мне быць кіраўніком дзяржавы. Усе свае сілы, веды і мэты я прысвяціў служэнню дзяржаве. Былі памылкі. Вялікія памылкі. Таму я хачу скарыстацца сённяшняй магчымасцю і папрасіць ва ўсяго народу Кыргызстана прабачэьня за ўсе дапушчаныя памылкі, за тыя рашэнні, што пакінулі адмоўны след падчас майго праўлення і пасля».

Да адной з найбольшых сваіх памылак Акаеў залічыў прывод да ўлады Курманбека Бакіева:

«Падчас фармавання новай дзяржавы непазбежныя памылкі і хібы. … Сярод гэтых памылак — прасоўванне дырэктара маленькага завода Курманбека Бакіева ў губернатары двух вобласцяў, а потым і на пасаду кіраўніка ўрада.

Як паказваюць падзеі 2005 і 2010 гадоў, гэта была мая самая вялікая памылка. Ён нанёс вялікую шкоду народу і дзяржаве».

Аскар Акаеў, скінуты з пасады прэзідэнта Кыргызстана ў выніку крывавых пратэстаў у сакавіку 2005 года, атрымаў прытулак у Расіі.

Курманбек Бакіеў, скінуты з пасады прэзідэнта ў выніку крывавых пратэстаў у красавіку 2010 года, атрымаў прытулак у Беларусі.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?