У вёсцы Снядзін Петрыкаўскага раёна зачыняецца школа. У яе хадзілі дзеці з некалькіх навакольных вёсак, усяго шэсць вучняў. У аддзеле адукацыі райвыканкама кажуць, што зараз яны будуць вучыцца ў Петрыкаве ў школе-інтэрнаце. Справа ў тым, што ўсе вучні паходзяць з ненадзейных сем’яў. Рашэнне пра перавод у інтэрнат прымала адмысловая камісія.

Сітуацыя са школай у Петрыкаўскім раёне вылучаецца толькі сацыяльным статусам яе вучняў, у цэлым жа закрыццё вясковых школ у Беларусі — даўно не навіна. Самае знакавае закрыццё года — школа ў Бяларучах Лагойскага раёна, у якой некалі вучыўся Янка Купала. Прычына закрыцця ўсюды аднолькавая — дэмаграфія.

У раёнах цяпер звычайная справа, калі аўтобус збірае з дзясятка вёсак дзяцей у школу аднаго з аграгарадкоў.

Па інфармацыі грамадскага аб’яднання «Таварыства беларускай школы», штогод у Беларусі зачыняецца каля 100 школ. У гэтым годзе спыняць працу 114. У Таварыстве б’юць трывогу, што большасць зачыненых школ — беларускамоўныя. Вучняў пераводзяць у расейскамоўныя школы, што фактычна азначае страту моўнай пераемнасці.

Ці ўнікальны выпадак Беларусі сярод суседзяў?

У Расіі, дзе вясковае насельніцтва таксама імкліва скарачаецца, сітуацыя падобная. Па звестках камітэта па адукацыі Дзярждумы, з 1995 па 2011 зачынілася больш за 20000 школаў. Тут дзейнічае падобны прынцып: школа зачыняецца — вучні пераходзяць у суседнюю.

Ва Украіне пытанне вясковых школ таксама стаіць востра. За апошнія 20 гадоў тут было зачынена каля 2000 школ. На сёння ў парламент Украіны ўнесены на разгляд законапраект, які прадугледжвае змяншэнне мінімальнай колькасці вучняў у класах вясковых школ з 5 да 3. Па думку аўтараў праекту, гэта дазволіць захаваць школы.

У Літве школы зачыняюцца з-за натуральнага скарачэння насельніцтва, а таксама за кошт эміграцыйных працэсаў. У апошні час у Літве знікае прыблізна каля дзесяці школ у год. Як і ў Беларусі, вучні зачыненых школ пераходзяць вучыцца ў суседнія.

Швецыя перажыла масавае закрыццё вясковых школ у 70-х. Гэта выклікала пратэсты з боку школьнікаў, іх бацькоў і настаўнікаў. Даходзіла да самавольнага захопу зачыненых будынкаў і несанкцыянаванай вучобы. Цяпер узбуйненне школаў працягваецца, вучняў падвозяць на аўтобусах. У месцах з невысокай канцэнтрацыяй насельніцтва дзейнічаюць школы-інтэрнаты.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?