Кардынал Карла Марыя Марціні, былы арцыбіскуп Мілана і вядомы вучоны-біблеіст, які памёр у пятніцу ва ўзросце 85 гадоў, у сваім апошнім інтэрв’ю падверг рэзкай крытыцы стан каталіцкай царквы.

У інтэрв’ю, запісаным у жніўні і апублікаваным у суботу газетай Corriere della Sera, кардынал Марціні кажа пра тое, што царква «адстала на 200 гадоў».

«Царква стамілася, ніхто не моліцца ў яе сценах», — журыўся кардынал, якога 10 гадоў таму бачылі будучым Папам.

Кардынал Марціні быў членам Ордэна іезуітаў і ў сваіх выступах і публікацыях часта крытыкаваў стан каталіцкай царквы і палітыку Ватыкана.

У сваім апошнім інтэрв’ю, якое ён даў іншаму святару-езуіту, кардынал заклікаў каталіцкую царкву прызнаць дапушчаныя памылкі і ўсвядоміць неабходнасць радыкальных пераменаў.
Прычым перамены, па словах кардынала Марціні, павінны пачацца з Папы і яго атачэння.

Кардынал таксама крытыкаваў рост царкоўнай бюракратыі і пампезнасць царкоўных абрадаў і строяў каталіцкіх святароў.

Кардынал Марціні меркаваў, што каталіцкай царкве неабходна быць больш цярпімай у стаўленні да разведзеных, інакш яна «страціць сувязь з будучымі пакаленнямі».

Паводле яго слоў, пытанне не ў тым, ці дапускаць разведзеных да прычасця, а ў тым, як царква можа дапамагчы ў складаных сямейных сітуацыях.

Кардынал Марціні таксама лічыў магчымым дазволіць выкарыстанне прэзерватываў, бачачы ў гэтым «меншае зло».

Арцыбіскуп міланскі, кардынал Марціні на працягу 22 гадоў узначальваў самую вялікую каталіцкую дыяцэзію ў Еўропе і карыстаўся вялікай павагай і пашанай.

У суботу тысячы чалавек прыйшлі развітацца з кардыналам у Міланскі сабор, дзе была выстаўлена труна з яго целам. Пахаванне кардынала Карла Марыі Марціні адбудзецца ў Мілане ў панядзелак.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?