У Мінску створана рабочая група па арганізацыі байкоту ў асобнай Фрунзенскай выбарчай акрузе № 101. Да акругі прыпісана больш за 70 тысяч выбарцаў.

У гэтай кампаніі бяруць удзел прадстаўнікі Руху «За свабоду», Партыі БНФ, грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду», моладзевай структуры «Zмена». Пра сваё далучэнне да байкоту ў гэтай акрузе заявілі таксама прадстаўнікі партыі «Справядлівы свет».

Адзін з каардынатараў байкоту ў Фрунзенскай выбарчай акрузе № 101, сябра руху «За свабоду» Юрась Меляшкевіч, апавёў,

што ўся праца будзе базавацца на кампаніі кандыдата ад партыі БНФ Арцёма Лявы, які зарэгістраваны па гэтай акрузе.

Ю. Меляшкевіч патлумачыў (раней планавалася абраць акругу для байкоту, дзе не было б дэмакратычнага кандыдата):

«Мы карыстаемся яго ўдзелам у выбарах, у агітацыі для таго, каб разгортваць кампанію байкоту. Законныя працэдуры для атрымання месцаў для агітацыі, для выстаўлення пікетаў, для друку матэрыялаў абмежаваныя ў выпадку, калі кандыдата няма. Калі яго няма, то ў нас няма мажлівасці стаяць у пікеце так, як гэта можа дазволіць сабе кандыдат. І мы збіраемся менавіта дзякуючы гэтаму правесці больш візуальную, прыкметную і дынамічную кампанію. Мы будзем прысутнічаць усюды, дзе толькі можна, будзем распавядаць пра байкот, як і чаму мы збіраемся байкатаваць гэтыя выбары. Мы выбралі аптымальную акругу, якая дазволіць найбольш эфектыўна спрацаваць».

Ініцыятары байкоту ў асобнай акрузе ў Мінску прызначылі першую сустрэчу з выбарцамі на 7 верасня.
Таксама яны плануюць надрукаваць адмысловыя агітацыйныя матэрыялы, ужо распрацаваныя лозунгі і захады дзеля таго, каб пераканаць людзей не ісці на выбары, апавёў Юрась Меляшкевіч.
«Не хадзіць, не ўдзельнічаць у галасаванні. Мы гэта будзем даносіць праз улёткі, праз сустрэчы з Арцёмам, які будзе казаць, калі выбарцы хочуць яго падтрымаць, то няхай яны не ідуць галасаваць».
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?