Спробы дыялогу ці дыскусіі на тэму гісторыка-культурнае спадчыны ў нашай краіне даўно зрабіліся марнымі. Але тут больш за год айчынныя СМІ, дзяржаўныя і недзяржаўныя, сталічныя і раённыя, пісалі пра гэтую праблему. Нават марылася пра нейкае раптоўнае паразуменне з чынавенствам. Дом Максіма Гарэцкага ў Горках стаў знакам, сімвалам няроўнага змагання з афіцыйным вандалізмам і сімвалам грамадзянскае салідарнасці цывілізаваных людзей не зважаючы на палітычныя погляды.

Невялікі двухпавярховы жылы дом на тэрыторыі Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі ў Горках нечакана зрабіўся прадметам грамадскай дыскусіі ў розных СМІ.
Той дыхтоўны драўляны дом № 3 па вуліцы Агранамічнай быў адзіным у Беларусі аўтэнтычным будынкам, звязаным з лёсам Максіма Гарэцкага, дзе пісьменнік жыў з 1926 па 1928 год.
Раней, нават у савецкія часы, важнасць гэтага ўнікальнага помніка добра разумелі на ўсіх узроўнях.
Яшчэ ў 1986 годзе дом, дзе жыў Гарэцкі, пад нумарам 868 як элемент гісторыка-архітэктурнага комплексу Беларускай сельгасакадэміі быў унесены ў «Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі», дзе напісана: «Пабудаваны ў 1925 з дрэва. Сцены вертыкальна ашаляваныя, падмурак з бутавых камянёў. Тут у 1926—1928 гг. жыў беларускі пісьменнік М. Гарэцкі». Гэта насамрэч быў цуд, што драўляны будынак ацалеў у Горках, перажыўшы вайну, без малога 90 гадоў! Тым часам цяперашняе чынавенства ўпотай выключыла помнік са спісу каштоўнасцяў, а дакладней, не пацвердзіла статусу гэтага аб’екта. А мясцовыя камунальнікі на тутэйшы густ абклалі драўляны дом сілікатнай цэглаю. Затым, у 1993 годзе, на сілікатным ужо муры з’явілася мемарыяльная табліца да стагоддзя з дня нараджэння пісьменніка. У 1990-я тут задумвалі стварыць музей-кватэру класіка…
І раптам да «Дажынак-2012» гэты дом прызнаюць аварыйным і ўносяць яго руйнаванне ў план.
«Яго абследаваў спецыяльны інстытут, — расставіў усе кропкі над „і“ ў тэлефоннай размове намеснік дырэктара горацкага УКП „Камунальнік“ Арам Себаян. — Зношанасць усіх канструкцыйных элементаў перавышае 61%. Маюцца на ўвазе падмурак, сцены, столь і ўсё астатняе», — цытуе важнага чыноўніка журналістка «Звязды» Ілона Іванова. Ясна, што ніякага «інстытута» там не было, а «знос» і «эканамічная мэтазгоднасць» прыкідваліся на вока. Натуральна, для камунальнікаў мэтазгодна ўзяць паболей грошай за найменш кваліфікаваную працу — знос дома й вываз друзу на сметнік. Адмовіцца ад гэтых грошай яны не маглі аніяк. Таму дом, дзе жыў Гарэцкі, быў асуджаны на знішчэнне ад самага пачатку.
У саміх Горках было сабрана шэсць дзясяткаў подпісаў пад зваротам да тамтэйшых уладаў з патрабаваннем знайсці магчымасць захаваць дом, дзе жыў геніяльны пісьменнік і выбітны дзеяч беларушчыны.
Тут варта зазначыць, што ўбаку не засталіся абодва пісьменніцкія саюзы, ТБМ, Таварыства аховы помнікаў, розныя грамадскія і палітычныя арганізацыі… Трэба адцеміць выключную салідарнасць людзей розных поглядаў і журналістаў з зусім розных СМІ. Кампетэнтна і падрабязна асвятляла праблему не толькі «Звязда», супрацоўнікам якой у свой час быў Максім Гарэцкі, але і «Наша Ніва», «Советская Белоруссия», «Народная воля», «Новы Час» ды іншыя. Нават у афіцыёзных СМІ гучалі адчайныя заклікі даць шанец на тое, каб Горкі прыдбалі яшчэ адзін аб’ект культуры й асветы.
Часам нават здавалася, што мары людзей, неабыякавых да беларускай культуры, могуць здзейсніцца.
Пытанне нібы нават разглядалася ў розных слаях чынавенства. Грамадскасць нястомна пісала лісты, звароты, даведкі па вяртанні помніку ранейшага статусу. Здавалася, калі ёсць грошы на тое, каб усё руйнаваць, то пэўна ж можна знайсці спосаб, каб і нешта ўратаваць. Кампанія па ратаванні помніка беларускае культуры ў Горках была беспрэцэдэнтна магутнай. Горацкія рупліўцы культуры, як і большасць беларускіх інтэлігентаў, былі перакананыя, што ў доме можна было б стварыць кватэру-музей Гарэцкага, а ў астатніх памяшканнях зрабіць хоць крамы, хоць офісы, абы захаваўся аўтэнтычны асяродак… Мары гэтыя аказаліся марнымі.
Але ў тым і палягае прырода цяперашняе ўлады — на дэманстратыўным і цынічным ігнараванні грамадскае думкі.
Некаторыя чыноўнікі з энтузіязмам напіналі на той факт, што гэты аб’ект не ў спісе помнікаў. Нагадаю, як і дом сям’і Янкі Купалы ў Мінску, і дом Максіма Багдановіча ў Вяззі Асіповіцкага раёна, і помнікі ў дзясятках іншых мясцін, якім было адмоўлена ў статусе помнікаў РБ. Але й той статус ні на што нікога не абавязвае! Таму цалкам натуральна, што ў рэчышчы цяперашняе дзяржаўнае палітыкі «грамадскі савет па захаванню і прымнажэнню гісторыка-культурных каштоўнасцяў, добраўпарадкаванні і сацыяльнаму развіццю Горак і Горацкага раёна» (!) прапанаваў выключыць са спісу гісторыка-культурнай спадчыны й некалькі дамоў па вуліцах Ціміразева і Мічурына! То бок запушчаны уладаю механізм грэблівасці да гістарычнай памяці спыніць ужо немагчыма. Практыка, калі нішчацца помнікі, звязаныя менавіта з беларускай культураю, стала складнікам афіцыйнай палітыкі. У краіне, дзе ставяць бюсты сталіным ды расейскім царам…
Мяркуючы па апошніх фотаздымках, дом Максіма Гарэцкага, быў не трухлявы й не аварыйны.
Чаго быў варты хоць бы гранітны падмурак з сутарэннямі! Такога сёння ў Горках ужо не ўбачыш. А тыя падзелкі, што панастаўлялі ў райцэнтры да «Дажынак», відавочна не прастаяць 90 гадоў, як той дом. Абяцанкі-цацанкі пра тое, што нешта там паставяць на месцы аўтэнтычнага помніка даўніны, — пустапарожнія. Бо аніякі знак ці нават навюткі бюст Гарэцкага не заменіць сапраўднасці. І мы назаўжды развіталіся з яшчэ адной мараю.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?