Мінскія студэнты патрабуюць навучання па-беларуску
Акцыя прайшла 3 верасня на плошчы Якуба Коласа.
Удзельнікі рызыкавалі арыштам і выключэннем з універсітэтаў: гэта здараецца ў выніку большасці падобных акцый з выказваннем грамадзянскай пазіцыі.
Тым не менш
у панядзелак 3 верасня на плошчы Якуба Коласа прайшла «Фотаакцыя «Хочам вучыцца па-беларуску». Так адрадзілі акцыю з патрабаваннем беларускамоўнага навучання, якая цягам трох гадоў некалі праводзілася ў Беларусі.
Традыцыя правядзеньня падобных акцый у першы дзень навучальнага году існавала ў 2004–2006 гадах.
На першую гучную акцыю «Хочам вучыцца па-беларуску» ў 2004 годзе на Кастрычніцкай плошчы сабралася каля 200 чалавек, не абышлося тады і без затрыманняў. Наступным годам новае пакаленне студэнцкіх актывістаў сабрала на плошчы Якуба Коласа каля 60 студэнтаў, якія сфармавалі надпіс «Хочам вучыцца па-беларуску». Абедзьве акцыі заканчваліся бардаўскімі канцэртамі ў парку Янкі Купалы. Увосені 2006 акцыя «Хочам вучыцца па-беларуску» фактычна не ўдалася. На канцэрт прыйшлі каля 30 чалавек, аднак ён не адбыўся.
Праз 6 гадоў новае пакаленне Задзіночання беларускіх студэнтаў правяло на плошчы Якуба Коласа новую «Хочам вучыцца па-беларуску».
Паводле звестак Нацыянальнага статыстычнага камітэту, толькі 0,9% ці 4 200 студэнтаў ВНУ маюць магчымасць вучыцца цалкам на беларускай мове. Узнікненне цалкам беларускамоўнага ўніверсітэта — адна з галоўных перадумоваў для захавання нацыянальнай культуры і мовы.
Generation.by; МБ
Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?
Пішыце рэдактару «Нашай Нівы» ў ТГ