Дэбютны альбом гурта HandmadE быў прэзентаваны ўвесну на Tuzin.fm, а цяпер яго ў рэальным выглядзе выдала кампанія BelTonMedia. Праўда пад іншай назвай – «На вачах тваіх…».
«У той час, як мы запісалі ўвесь матэрыял, я ад’язджаў за мяжу, але з музыкай падвязваць не збіраўся, – тлумачыць лідар гурта Яўген Валошын. – Таму і назва была падабраная такая больш наменклатурная, якая пасуе пад замежжа. Калі ж мы сутыкнуліся з выданнем альбома ў Беларусі, то ўзялі іншы загаловак, больш нейтральны. Цяперашняя назва больш адпавядае сэнсу нашай працы». Перадпрэзэнтацыя новага альбому HandmadE адбылася ўлетку на фэстывалі «Пікнік.BY», а клубная прэм’ера запланаваная якраз на адкрыццё канцэртнага сезона, які распачынае інтэрнэт-партал Tuzin.FM пры падтрымцы кампаніі «Будзьма беларусамі!». Цяпер канцэрты ў межах праекта «Жывы Тузін» будуць праходзіць штомесяц у Loft cafe. Стаўка гэтым разам будзе зроблена не на акустычныя выступы, як у мінулым сезоне, а на эксклюзыўныя прэм’еры ад маладых і вядомых беларускамоўных выканаўцаў.

«На гэтым канцэрце можна будзе пачуць нашае новае гучанне, якое заўважна змянілася з часу выхаду альбома. У нашых песнях цяпер крыху іншая рытміка, яны нават сталі больш цяжкімі», - кажа Яўген Валошын і абяцае шэраг прэм’ераў. Сярод іх – зусім новая песня «Сіньярыта з Коста-Рыкі» на верш Максіма Танка, якая была напісана падчас перабывання Яўгена ў Коста-Рыцы.

Музыкант апынуўся ў гэтай краіне роўна праз 50 год пасьля славутага беларускага паэта і трапіў у тую самую сітуацыю, г.зн. закахаўся ў мясцовую дзяўчыну.
«Толькі мне, відаць, пашанцавала больш, чым Танку, бо я не быў абцяжараны дзяржаўнымі паўнамоцтвамі і выправіўся ў Лацінскую Амерыку трошкі пажыць і зрабіў тое, пра што марылася нашаму паэту паўстагоддзя таму», - іранізуе лідэр HandmadE. Альбом «На вачах тваіх…» можна набыць праз інтэрнэт, а таксама на самім канцэрце 20 верасня па самым дэмакратычным кошце.

Наведнікаў імпрэзы чакае яшчэ адзін сюрпрыз.

У гэты ж вечар сваю новую праграму прадставіць Павал Кузіч, выканаўца, вядомы, як лідар гуртоў UrbanLife, «Летні Song», «Існасць». Цяпер Паша ўсур’ёз узяўся працаваць з электроннай музыкай, натхнёны перадусім французскім праектам M83.
А вось тэксты па-ранейшаму выканаўца піша перш за ўсё па-беларуску. Адну з новых кампазіцыяў «Мяккай белай ватаю» ён прадставіў нядаўна на «Тузіне Гітоў». На канцэрце «Жывы Тузін» Паша пакажа і свае іншыя музычныя прыдумкі.
Весці канцэрты «Жывы Тузін» па традыцыі будзе Алег Хаменка,
музыкант і нязменны вядучы радыёверсіі хіт-параду «Тузін Гітоў». Не абыйдзецца справа без падарункаў ад сяброў «Тузіна Гітоў» – кампаніі «Будзьма беларусамі!».
Канцэрт пачнецца ў 19.00 20 верасня (чацвер) у Loft cafe (вул. П.Броўкі, 22).
Кошт квітка — 50 000 руб, 60 000 руб (столік). Квіткі будуць прадавацца непасрэдна перад пачаткам канцэрта. Замовіць столік можна загадзя па тэл. +375 29 38 000 10. Іншыя пытаньні: + 375 29 6872093.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?