Прапанова з пошты Рэдакцыі.

У свой час «Наша Ніва» выступала ініцыятарам Дня без чужога слова. Для білінгваў досыць цяжка вытрымаць такі «пост» пасьлядоўна, бо шмат дзе проста не зразумеюць. Хто не ў грамадзкім сэктары працуе, увесь час вымушаны ісьці на кампрамісы.

А вось цікава, калі крыху зьменшыць жорсткасьць (віртуальную) патрабаваньняў, але пры тым больш пасьлядоўна іх пільнавацца?

Прыклад: «Дзень Дз». Г.зн. «Дзякуй». Размаўляць на іншых мовах дазваляецца, але пры тым «Дзякуй» прынцыпова казаць толькі па‑беларуску. Гэта ня так складана. Пры тым імкнуцца як мага большай колькасьці людцоў сказаць «Дзякуй!» заміж таго, каб абмацярыць ці проста казаць «слышмужык» або «штовыхацелі». Можна сказаць, забіць двух зайцоў адначасова.

Можа выпусьціць налепкі, значкі і г.д. і разгарнуць у гэты «Дз» сапраўдную поўнамаштабную кампанію «Дз». Каб у вялікай масы людцоў засталося ў памяці, што ветлівае слова ў гэтай краіне — «Дзякуй»! А зь яго можа пачацца інтарэс і да іншых слоў на такой ветлівай ці, як той казаў, мілагучнай мове.

Дату можна падабраць, было б жаданьне. Да «Дз» пажадана дадаваць усьмешкі, ветлівыя жэсты, прапускаць пешаходаў, саступаць месцы, прытрымліваць дзьверы і ўсяляк інакш пераконваць сябе і іншых, што першабытныя людзі зь іхнай хітрасьцю і жорсткасьцю — гэта ня мы. Га?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?