За восем месяцаў у праваахоўныя органы Беларусі паступіла прыкладна 1 тыс. 300 паведамленняў аб прапажы дзяцей. Такія даныя прывяла старшы оперупаўнаважаны галоўнага ўпраўлення крымінальнага вышуку Міністэрства ўнутраных спраў Святлана Собалева 4 верасня на брыфінгу ў Мінску.

Паводле яе слоў, міліцыя рэагуе на ўсе паведамленні аб прапажы дзяцей, нават калі дзіця спазняецца на 15 хвілін. Пераважная колькасць паведамленняў паступае з інтэрнатных устаноў. Асноўная праблема — дзеці, якія наўмысна сыходзяць з інтэрнатных устаноў ці дома і не жадаюць туды вяртацца, заявіла Собалева. Паводле яе слоў, высокую долю сярод усіх паведамленняў складаюць заявы аб паўторных сыходах дзяцей.

«Ёсць дзеці, якія сыходзяць 10–12 разоў на год», — сказала прадстаўнік МУС.

Практычна ўсіх дзяцей атрымоўваецца вярнуць бацькам ці выхавальнікам, заявіла Собалева. На ўчарашні дзень у вышуку заставалася восем непаўналетніх.

Як паведаміў дырэктар Цэнтра садзеяння вышуку зніклых дзяцей і дзяцей, якія эксплуатуюцца, Андрэй Саладоўнікаў,

за мінулы год у Беларусі было зарэгістравана больш як 2 тысячы зваротаў аб знікненні дзяцей.
Сярод зніклых — тыя, хто вясной і ўлетку спрабуе самастойна падарожнічаць, робіць зямлянкі і буданы, адпраўляецца пешшу да бабулі ў вёску. Таксама знікаюць дзеці, у якіх адбыліся дома канфлікты з бацькамі і тыя, хто ўчыніў злачынства і стараецца пазбегнуць пакарання. Маленькія дзеці часам проста губляюцца. Асаблівую занепакоенасць выклікаюць тыя выпадкі прапажы дзяцей, калі ёсць падстава меркаваць, што яны сталі ахвярамі злачынстваў, адзначыў Саладоўнікаў.

Паводле яго слоў, большасць дзяцей знаходзяцца ў першыя тры дні, з іх асноўная частка — у першыя суткі.

Разам з тым, па стане на 1 студзеня 2012 года, лёс 61 дзіцяці ў Беларусі заставаўся невядомы, сярод якіх 34 непаўналетнія знаходзяцца ў вышуку больш за 5 гадоў, яшчэ 10 — ад 3 да 5 гадоў.

Паводле яго слоў, задача Цэнтра садзеяння вышуку зніклых дзяцей і дзяцей, якія эксплуатуюцца, (пачаў працу 27 красавіка 2012 года) — аказанне ўсебаковай дапамогі праваахоўным органам пры правядзенні вышуковых мерапрыемстваў па фактах невядомага знікнення дзяцей. Цэнтр займаецца інфармаваннем грамадскасці пра факты прапажы дзяцей, аказвае псіхалагічную дапамогу бацькам і праводзіць рэабілітацыйную і прафілактычную працу з дзецьмі, якія сістэматычна сыходзяць з сям’і ці інтэрнатных устаноў. Сярод задач цэнтра — таксама правядзенне адукацыйных мерапрыемстваў па паляпшэнні якасці вышуку дзяцей.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?