04.09.2012 / 21:16

Чаму Лукашэнка перамог у 94-м? 188

Піша Віталь Цыганкоў.

У Фэйсбуку разгарэлася дыскусія наконт тэзісу Сяргея Навумчыка, што прэзыдэнцкія выбары ў 1994 годзе былі недэмакратычнымі, паколькі «дзяржаўныя СМІ працавалі на здушэньне дэмакратыі» і «прапагандысцкая машына… працавала цалкам у інтарэсах Лукашэнкі».

Адразу скажу, што хачу аспрэчыць тэзісы Сяргея толькі наконт прэзідэнцкіх выбараў 1994 году. Парламенцкія выбары 1995-га, на маю думку, ужо відавочна нельга называць дэмакратычнымі.

Аргумент Навумчыка, што выбары 1994-га не былі свабоднымі, бо «ў інтарэсах Лукашэнкі працавала прапагандысцкая машына», я знаходжу, скажам мякка, неадпаведным.

Па-першае, у СМІ ў 1994-м годзе ўсё не было гэтак адназначна. Сярод дзяржаўнай прэсы самым масавым выданнем на той час быў орган Вярхоўнага Савета «Народная газета» — пад кіраўніцтвам Ёсіфа Сярэдзіча. Газета была як мінімум прадэмакратычная (хутчэй за Пазняка, чым за Шушкевіча). Калі газета і давала нешта «ў рамках дыскусіі» за Лукашэнку ці за Кебіча --- то на кожны такі артыкул прыпадала тры за дэмакратаў.

Была і ўрадавая газета «Звязда», якая калі і давала нешта за Кебіча, то пераважна зь БелТА. А журналісты, якія там пісалі пра палітыку (Жданко, Каліноўскі, Сінякевіч, Свірко, Цыганкоў), адкрыта сімпатызавалі Шушкевічу ці Пазняку.

Іншыя дзяржаўныя выданні — «Рэспубліка», «Советская Белоруссия» — былі больш кансерватыўна настроеныя і выступалі за Кебіча. За Лукашэнку там мала што праходзіла.
Відавочна за Кебіча было Беларускае тэлебачанне.

Але гэта так, для даведкі. Галоўны ж аргумэнт Сяргея — што СМІ стваралі атмасферу, спрыяльную ідэям Лукашэнкі («демократы развалили великую державу», «разорваны экономические связи», «необходимо восстановить союз двух братских народов», «вместе мы едины и непобедимы»). Так, з гэтым не паспрачаешся, агульны кантэкст на БТ быў менавіта такі (але, нагадаю, «Народная газета» з накладам у паўмільёна прапагандавала пераважна дэмакратыю і нацыянальнае адраджэнне, а па радыё ішлі трансляцыі з пасяджэнняў Вярхоўнага Савета). Але наколькі прапаганда СМІ вызначае вынік выбараў?

Аргумент Сяргея, што калі «ўся прапагандысцкая машына працавала ў інтарэсах Лукашэнкі», то выбары нельга лічыць дэмакратычнымі, выглядае не вельмі пераканаўча, калі перакласці яго на рэаліі іншых краінаў.
Напрыклад, у Еўропе большасць СМІ абараняюць каштоўнасці правоў чалавека, паліткарэктнасці, сацыяльнай дзяржавы. Ці азначае гэта, што з пункту гледжання фашыстаў і праварадыкалаў, якія ніяк не прадстаўленыя ў СМІ — выбары ў еўрапейскіх краінах варта прызнаць несвабоднымі і несумленнымі? А ў ЗША большасьць СМІ абараняюць каштоўнасьці індывідуалізму, прадпрымальнасці, свабоднага рынку. Ці дае гэта права, напрыклад, камуністам ЗША заяўляць, што выбары ў ЗША недэмакратычныя? Дарэчы,
у тых самых ЗША апошнія дзесяцігоддзі толькі тэлеканал Fox падтрымлівае рэспубліканцаў, астатнія асноўныя тэлеканалы — відавочна на баку дэмакратаў. І гэта не перашкаджае рэспубліканцам выйграваць выбары.

Шчыра кажучы, я думаў, што аргумэнт «калі б у нас былі ў руках СМІ, то мы б перамаглі», даўно стаў здабыткам гісторыі.

Была такая ілюзія ў 90-я, калі здавалася, што дастаткова патлумачыць людзям усю праўду пра нашу гісторыю, распавесьці ім «О русском империализме и его опасности», паказаць ім, як жывуць на Захадзе — і яны адразу пойдуць шчыльнымі радамі за дэмакратыяй і незалежнасьцю ў сьветлую эўрапейскую будучыню.

Мне здавалася, што такія рамантычныя ілюзіі даўно засталіся ў мінулым — што даказана ўсім развіццём падзеяў у Беларусі і ўвогуле на постсавецкай прасторы. Гэтыя гады нібыта пераканалі, што ў палітычным сэнсе людзі ня здольныя кардынальна і хутка мяняцца, што яны гатовыя нават аспрэчваць законы матэматыкі, калі тыя не супадаюць з іхнімі ранейшымі перакананнямі і жыццёвым вопытам.

Ідэі дэмакратыі, незалежнасці, нацыянальнага адраджэння гучалі ў 1994-м годзе з многіх крыніцаў (з прэсы, з радыё "Свабода", нават расейскае тэлебачанне было тады дастаткова дэмакратычным), але большасьць беларусаў хацелі чуць іншае.
Як я цяпер перакананы,
калі б нават Сяргей Навумчык з Зянонам Пазняком не вылазілі з тэлеэфіру ў 1994-м, — гэта не змяніла б значна вынікі выбараў
— перамог бы ўсё роўна кандыдат тыпу «лукашэнка».

Дыскусія пра 1994 год — зусім не акадэмічная спрэчка. Чарговыя

спробы патлумачыць вынікі першых прэзідэнцкіх выбараў подступамі ФСБ альбо манаполіяй СМІ адсоўваюць нас ад праўдзівай ацэнкі стану беларускага грамадства на той час — а значыць, нараджаюць новыя (старыя) ілюзіі.

Лукашэнка перамог зусім не таму, што СМІ працавалі на яго. Не было такога. Пра гэта напісаныя тысячы разумных артыкулаў, але паўтаруся — Лукашэнка перамог, бо такі быў стан беларускага грамадства на той час.

Лукашэнка перамог, бо абяцаў адрадзіць СССР, бясплатны тэлевізар кожнаму, вярнуць уклады ў Ашчадбанку і спыніць беларусізацыю. Лукашэнка перамог, бо ўмеў таленавіта хлусіць і абяцаць людзям невыканальнае.

Заўсёды прасцей весьці людзей уніз, чым уздымаць іх маральна і духоўна. Лукашэнка перамог, таму што быў крызіс, злом ранейшага жыцця і людзям хацелася простых і прымітыўных адказаў. Ён іх даваў, апускаючы планку.

0
Гаек / Адказаць
04.09.2012 / 21:41
Вспомнили!.. А почему хохлы в таком же разобранном состоянии смогли не опуститься на дно? Почему надписей на украинском стало не меньше?.. Самосознание у народа или есть, или его нет.
0
dz / Адказаць
04.09.2012 / 22:01
отличная статья. победил,потому что 80 процентов населения были совки,которым нафиг не нужна была белорусизация и демократия.им нужен был совок,который их по -сути и породил.и сейчас,ситуация почти не изменилась. так оно и останется,к сожалению."белорусы" - безнадежный народ.
0
С. Навумчык / Адказаць
04.09.2012 / 22:02
Даведзецца і ў НН даць удакладненьні. Заўсёды лічыў Віталя Цыганкова адным зь лепшых беларускіх палітычных аналітыкаў і таму рады, што Віталь згодны са мной у тым, што ў 1995-ым ніякіх дэмакратычных выбараў ужо не было. Спадзяюся, неўзабаве пагодзіцца і наконт 1994-га) Дапамагу яму на шляху да ісьціны і зраблю некаторыя ўдакладненьні па ягоным тэксьце. «Народная газета» не была « хутчэй за Пазьняка, чым за Шушкевіча», як піша Віталь, хаця б таму, што была ворганам ВС, старшынём якога быў Шушкевіч. У часе прэзыдэнцкіх выбараў з майго інтэрвію з Васілём Быкавым былі выкінутыя радкі з крытыкай у бок Лукашэнкі. А пасьля першага туру прэзыдэнцкіх выбараў (чэрвень-ліпень 1994) газэта недвусэнсоўна падтрымлівала Лукашэнку. «А журналісты, якія там пісалі пра палітыку (Жданко, Каліноўскі, Сінякевіч, Сьвірко, Цыганкоў), адкрыта сымпатызавалі Шушкевічу ці Пазьняку» - з вышэйназваных толькі Цыганкоў відавочна сымпатызаваў Пазьняку. Прабачце, але пасьля 1992 году, калі па віне Шушкевіча не адбыўся ініцыяваны БНФам рэфэрэндум аб датэрміновых выбарах – мы не маглі лічыць Шушкевіча нашым аднадумцам (не кажучы пра ягонае «адключэньне мікрафонаў» дэпутатам Апазыцыі БНФ). Таму публікацыі за Шушкевіча ніяк ня тоесныя публікацыям за Пазьняка. Да таго ж, некаторыя з вышэйназваных пісалі даволі крытычныя артыкулы супраць Пазьняка і БНФ (проста канстатую факт). Віталь не аспрэчвае, што «што СМІ стваралі атмасфэру, спрыяльную ідэям Лукашэнкі» і сам піша, што «агульны кантэкст на БТ быў менавіта такі» - і вось гэта ключавы момант. Бо ўплыў тэлебачаньня і радыё (тагачаснага) – непараўнальны з уплывам газэтаў, нават і зь вялікімі накладамі. Прычым я скажу, што па радыё гучала «Беларуская маладзёжная» , дзе працавалі нацыянальна і дэмакратычна арыентаваныя хлопцы і дзяўчаты, так, гучалі трансьляцыі сэсіі ВС - да пэўнага часу (спыненыя, між іншым, ня без удзелу Шушкевіча, потым пайшлі караценькія рэпартажы). Але тое былі выключэньні. А ў 90 працэнтах матэрыялаў (асабліва па радыёкропцы, а тая кропка была ў кожнай кватэры, у кожным доме ) - гучалі праклёны дэмакратам, плач па СССР і заклікі аднавіць Саюз. І вось гэта было на карысьць Лукашэнку. Мне не падаюцца слушнымі паралелі паміж Беларусьсю і Захадам, у тым ліку і ЗША, ў тым ракурсе, як праводзіць іх Віталь: «у Эўропе большасьць СМІ абараняюць каштоўнасьці правоў чалавека, паліткарэктнасьці, сацыяльнай дзяржавы. Ці азначае гэта, што з пункту гледжаньня фашыстаў і праварадыкалаў, якія ніяк не прадстаўленыя ў СМІ — выбары ў эўрапейскіх краінах варта прызнаць несвабоднымі і несумленнымі? А ў ЗША большасьць СМІ абараняюць каштоўнасьці індывідуалізму, прадпрымальнасьці, свабоднага рынку. Ці дае гэта права, напрыклад, камуністам ЗША заяўляць, што выбары ў ЗША недэмакратычныя? Дарэчы, у тых самых ЗША апошнія дзесяцігодзьдзі толькі тэлеканал Fox падтрымлівае рэспубліканцаў, астатнія асноўныя тэлеканалы — відавочна на баку дэмакратаў. І гэта не перашкаджае рэспубліканцам выйграваць выбары.." - піша Віталь Ну па-першае, фашысты у цывілізаваных краінах забароненыя, што абсалютна правільна, яны, адпаведна, не павінны мець доступу да СМІ, таму скардзіцца ім на недэмакратычнасьць выбараў не выпадае. У 1994 годзе БНФ , які першым вылучыў ідэю Незалежнасьці і дамогся яе, узьняў праблему Чарнобыля, распрацаваў пакеты эканамічных законапраектаў -- ня быў забаронены – – але быў вельмі абмежаваны ў доступе да СМІ. У ЗША спрэчкі паміж кандыдатамі ў прэзыдэнты ідуць ў розьніцы працэнтаў падаткаў, нюансаў сацыяльных праграмаў, сыстэмы мэдычнага страхаваньня. У Беларусі 1994-га спрэчка ішла – ці быць, ці жыць Беларусі – як дзяржаве? І манапалізаваныя СМІ (Віталь гэта пацьвярджае) казалі – не, ня жыць! У ЗША прэса ўвогуле дэманапалізаваная, партыйная ангажаванасьць газэты хутчэй шкодзіць палітыку, чым спрыяе. А галоўнае – там прэса ня ставіць пад сумнеў мэтазгоднасьць існаваньня ЗША як сувэрэннай дзяржавы. А ў нас – ставіла! І, як вынік, агрэсіўна навязвала насельніцтву меркаваньне пра глябальную памылковасьць пазыцыі тых, хто выступаў за Незалежнасьць Беларусі. І, канешне, правату таго, хто ыступае супраць (Лукашэнкі). Ну і канешне, я нідзе ў тэксьце не сьцьвярджаю, што перамога Лукашэнкі ў 1994 – вынік толькі маніпуляцыі СМІ. Безумоўна, былі куды больш глыбокія прычыны. Але мы жывем у інфармацыйны час, калі СМІ адыгрываюць ключавую ролю. Таму антыдэмакратычная пазыцыя манапалізаваных СМІ, якія актыўна ўдзельнічалі ў выбарчым працэсе – не дазваляе назваць тыя выбары справядлівымі.
Паказаць усе каментары/ 188 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру