Паводле Financial Times, Еўрапейская камісія рыхтуе законапраект, які абавяжа буйныя кампаніі мець не менш за 40% жанчын у складзе сваіх радаў дырэктароў. Кампаніі, у якіх працуе больш за 250 чалавек альбо даход якіх складае больш за €50 млн у год, будуць павінны даваць штогадовую справаздачу аб палавым складзе сваёй рады дырэктароў. Калі жанчын там будзе замала, будзе накладацца штраф.

Ніхто ў здаровым розуме не супраць таго, каб жанчыны займалі кіроўныя пазіцыі
ў кампаніях, грамадскіх арганізацыях ці ў палітыцы. Можна, вядома, разважаць пра тое, ці не з’яўляецца для жанчыны больш арганічнаю роля хатняй гаспадыні, чым роля бізнесоўца. Але ў любым выпадку гэта не тая сфера, дзе камусьці штосьці можна дыктаваць ці забараняць.

Працадаўцу дык якая розніца, жанчына ці мужчына? Абы працаваў ці працавала добра.

Цяжка сабе прадставіць, што сучасны рацыянальны кіраўнік, пагатоў у Заходняй Еўропе, будзе дыскрымінаваць работніка толькі з-за таго, што гэты супрацоўнік — жанчына, або гомасэксуаліст, або прадстаўнік нейкай этнічнай меншасці. Дыскрымінацыя на рабочым месцы — гэта азначае чыніць супрацоўніку перашкоды на шляху ягонай прафесіянальнай рэалізацыі, гэта дэматываваць яго і рызыкаваць, што ён проста пойдзе працаваць на канкурэнта. У ХХІ стагоддзі менавіта гэта з’яўляецца рэаліямі.

Работнік павінен ацэньвацца не паводле свайго полу, але выключна паводле сваіх прафесіянальных якасцяў.
Гэта цалкам рацыянальныя паводзіны з пункту гледжання працадаўцы — а не проста гуманістычныя мроі.
Аднак увядзенне квотаў для жанчын або меншасцяў наўпрост супярэчыць гэтаму прынцыпу.
Пол робіцца аргументам у кадравай палітыцы, кампаніі будуць вымушаныя сачыць за гендарным балансам. А значыцца, яны немінуча будуць апынацца ў сітуацыі, калі паміж кандыдаткай-жанчынай і кандыдатам-мужчынам з аднолькавымі навыкамі і вопытам (альбо нават у сітуацыі, калі мужчына мае лепшыя навыкі і вопыт) яны будуць вымушаныя абраць жанчыну — толькі таму, што недабіраюць квоту. То бок яны будуць абавязаныя наўпрост дыскрымінаваць кандыдата-мужчыну па прынцыпе полу. Дзе справядлівасць?

У гэтым крыецца сутнасць таго, што на Захадзе прынята называць «лібералізмам», але што па сутнасці з’яўляецца супрацьлегласцю лібералізму сапраўднага, класічнага. Пад маскай барацьбы за свабоду бюракраты і левыя (у тым ліку феміністкі) у такой знаёмай нам манеры імкнуцца вучыць астатніх, як жыць, імкнуцца павялічваць дзяржаўны кантроль за тым, што і як людзям рабіць. У эканоміцы, у выхаванні сваіх дзяцей, у сваіх думках.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?