Цэнтрвыбаркам на пасяджэнні 5 верасня зарэгістраваў кандыдатаў у члены савета рэспублікі.

Сакратар ЦВК Мікалай Лазавік зазначыў, што выбары ў верхнюю палату парламента «спалучаюць элементы выбарнасці і прызначальнасці». У прыватнасці, восем членаў савета рэспублікі прызначае Лукашэнка, яшчэ па восем абіраюцца ад кожнай вобласці і Мінска. Вылучэнне кандыдатаў робіцца прэзідыумамі раённых, гарадскіх (гарадоў абласнога падпарадкавання) саветаў дэпутатаў і раённымі, гарадскімі выканаўчымі камітэтамі, прэзідыумамі Мінскага гарадскога савета дэпутатаў і Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта.

«Устаноўлена, што ва ўсіх абласцях і Мінску вылучэнне прайшло ў поўнай адпаведнасці з заканадаўствам. Прапаноўваю ўсе вылучэнні прызнаць правамоцнымі», — сказаў Лазавік.

У прыватнасці, кандыдатамі ў члены савета рэспублікі вылучаныя старшыні аблвыканкамаў: Віцебскага — Аляксандр Косінец, Гомельскага — Уладзімір Дворнік, Мінскага — Барыс Батура, Брэсцкага — Канстанцін Сумар, Магілёўскага — Пётр Руднік, а таксама генеральны дырэктар Беларускай калійнай кампаніі Валерый Іваноў, першы сакратар ЦК ГА «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі» Ігар Бузоўскі.

Выбары ў верхнюю палату парламента пройдуць на пасяджэннях дэпутатаў мясцовых саветаў дэпутатаў базавага ўзроўню ў кожнай вобласці і дэпутатаў Мінскага гарадскога савета дэпутатаў з 6 па 25 верасня.

Вынікі выбараў членаў савета рэспублікі павінны быць устаноўленыя Цэнтрвыбаркамам не пазней як 5 кастрычніка ўключна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?