1 верасня сярод традыцыйнага свята ведаў адбылася цырымонія, наўрад ці заўважаная большасцю мінчукоў: кіраўніцтва Мінгарвыканкама і гарсавета надавала парку на праспекце Любімава імя Міхаіла Паўлава. Такім чынам кіраўніцтва ўшанавала памяць аб сваім былым начальніку, які ў 2010 заўчасна памёр.

Не буду аспрэчваць заслугі Міхаіла Паўлава перад горадам, які пры ім, як сцвярджаюць ягоныя паслядоўнікі, «набыў сучасны выгляд еўрапейскай сталіцы».
Хай сцвярджаюць. Мяне цікавіць іншае: якое дачыненне маюць да ініцыятывы Мінгарвыканкама самі мінчукі? Яны што, паабівалі там усе прыступкі, патрабуючы ўвекавечыць імя былога гораданачальніка? Ці паставілі свае подпісы пад адпаведнымі лістамі, як зрабілі гэта ў адносінах да Васіля Быкава, прапануючы назваць сталічную вуліцу ягоным імем?
Мінску амаль тысяча гадоў. Але хто з безлічы гораданачальнікаў ушанаваны хаця б нейкім сціплым чынам? Яны што, нічога дзеля горада не рабілі?
Хто з сучасных гараджан хаця б каго помніць?

Камуністычная наменклатура ўшчэнт руйнавала гістарычную памяць, мусіла на стагоддзі захаваць памяць аб самой сябе. У Беларусі гэта прыкрая традыцыя неўміручая.

Ад самага пачатку савецкіх гадоў усё было прыдатным для бруднай справы перайменавання: вуліцы, плошчы, шахты, заводы, вёскі і цэлыя гарады. Калі б камуністычнае праўленне, як тое ўяўлялася бальшавікам, насамрэч доўжылася стагоддзі, «ад Буга да Курыл» не засталося б аніводнага карэннага імя, магчыма, нават імёнаў народаў і краін.

Нехта, мабыць, лічыць, што няма нічога страшнага ў тым, каб жыць у недарэчнасці накшталт плошчы Калініна, горада Дзяржынска, яек імя Надзеі Канстанцінаўны Крупскай, вуліц Свярдлова, Валадарскага, не кажучы ўжо пра вуліцу Бяды.
Ці пра вуліцы з прозвішчамі людзей, аб якіх увогуле мала хто ведае. Таго ж Ісідара Любімава... Што ж такога добрага, векапомнага зрабіў для горада гэты расійскі бальшавік, калі ўлетку 1918 затрымаўся ў Мінску на пару месяцаў?

Ёсць пэўная, але нейкая вар’яцкая логіка ў тым, што жыхары праспекта, які носіць яго імя, будуць адпачываць у парку імя чарговага наменклатурнага начальніка.

Звыкнецца?

Яно і праўда — звыкнецца. Але і на гістарычных крушнях звыкаецца жыць, і ў доме для хворых на галаву. І думаць пры гэтым, што і ты нармальны, і ўсё навакольнае жыццё...

Адным з такіх звар’яцелых на бясконцых савецкіх святах быў дзядок, які жыў у невялічкім гарадку на вуліцы Леніна і які быццам сустракаў правадыра ў красавіку 1917 на Фінляндскім вакзале. Жыў ён бедна, калі не сказаць па-жабрацку, днямі спаў на печцы пад бруднымі коўдрамі, калі-нікалі злазіў адтуль і, збіраючыся пад ненавіснымі поглядамі сваякоў на чарговы піянерскі збор, апранаўся ў абвешаны бліскучымі значкамі фрэнч з цёмна-зялёнай дыяганалі. Гаварылі, што падчас рэпрэсій ён застаўся жыць толькі таму, што сам нястомна даносіў. У рэшце рэшт, яго так зацягалі па піянерах і старонках газет, што, калі паміраў, прасіў пахаваць яго ля Крамлёўскай сцяны, а гарадок, дзе жыў, назваць ягоным імем. Так і напісаў у тэстаменце: пахаваць... назваць... Нехта з райкама партыі, каб хаця б нейкім чынам выканаць апошнюю волю нябожчыка, прапанаваў пабудаваць у гарадку нешта падобнае да той самай сцяны...

Але ці не з могілак ля Крамлёўскай сцяны пачалася тая псіхічная хвароба?!

На мой погляд, ёсць нешта брыдкае, зняважлівае да людзей у тым, каб называць вуліцы і г.д. імёнамі дзяржаўных дзеячаў, палітыкаў, вайсковых і цывільных начальнікаў, іншых розных асоб, хаця б трыкроць вядомых. За вельмі рэдкім, безумоўна, выключэннем, калі на імені стаіць бясспрэчны знак гістарычнай якасці для той ці іншай мясцовасці ці краіны. Помнікі, музеі — іншая справа, тут кожны можа самастойна вырашыць, шанаваць ці не шанаваць імя. А вось жыць з імем, якое навязана табе чыімсьці там густам ці палітычнымі поглядамі, непрытульна, а то і не ў змогу...

Такім чынам, тое, што завецца тапанімікай, тым, чым у розных мясцінах Зямлі пазначаюць сваю непаўторнасць у часе і прасторы нармальныя людзі, у нашых палесцінах застаецца тапамімікай, нейкай палітычнай грымасай, скажэннем, а то і напоўніцу адмаўленнем ад натуральнасці...

Сам я, дзякуй Богу, жыву на вуліцы Берасцянскай, што атрымала гэту назву ў памяць пра птушку берасцянку, якая спявала тут некалі, а потым зляцела...

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?