10.04.2007 / 16:02

Апакаліпсіс пачынаецца 5

Зьнікнуць лядовыя шапкі Арктыкі, Антарктыды, засухі і паводкі зьменяць аблічча Зямлі.

Апакаліптычнае бачаньне зьменаў прыроднага асяродзьдзя прадстаўляе даклад навукоўцаў пра вынікі глябальнага пацяпленьня.

Дрэнныя навіны прынесьлі ў Брусэль навукоўцы зь зьвязанай з ААН Міжурадавай камісіі па справах зьмены клімату (IPCC), якая аб’ядноўвае больш за сто дзяржаваў. Зь іх дакладу можна даведацца, чым цяплічны эфэкт пагражае прыродзе і чалавеку.

У найбліжэйшыя дзесяцігодзьдзі — сьцьвярджаюць навукоўцы — найбольш пацерпяць найбяднейшыя краіны, у асноўным афрыканскія і азіяцкія. Згодна з найбольш пэсымістычным сцэнарам, да 2050 г. ад 1 млрд. да 3,2 млрд. людзей будуць пакутваць ад недахопу вады, а 200‑600 млн. — ад голаду.

Зьнікнуць лядовыя шапкі Арктыкі, Антарктыды, каралавыя рыфы і дажджавыя лясы Амазонкі. Сотням мільёнаў людзей, якія жывуць у дэльтах вялікіх азіяцкіх рэкаў, будуць пагражаць зьнішчальныя патопы. З‑за разбуральных зьяваў надвор’я штогод будуць гінуць некалькі мільёнаў чалавек.

Аўстралія ня будзе ў стане вырошчваць расьліны, прыдатныя для ежы. Не абмінуць зьмены і Эўропу. Міжземнаморскім краінам пагражае засуха i забойчыя хвалі сьпякоты, падобныя да тых, што ў 2003 г. сталіся прычынай сьмерці каля 70 тыс. людзей. Грэкі ўжо бядуюць, як забясьпечыць турыстам ваду на сваіх выспах.

У Альпах будзе зачыненая большасьць лыжных курортаў, ужо ў гэтым годзе там была праблема зь сьнегам. Воды з растопленых леднікоў павысяць узровень мораў, якія могуць затапіць між іншым помнікі даўніны Александрыі альбо скарбы інкаў у нацыянальным парку Ўаскаран у Пэру.

— Гэта кароткі позірк на апакаліптычную будучыню, што чакае Зямлю — камэнтуць даклад прадстаўнікі «Greenpeace». — Урады павінны тэрмінова адрэагаваць на гэтыя прагнозы — кажа прадстаўнік экалягічнай арганізацыі WWF.

У гісторыі сусьвету такія зьмены клімату ўжо мелі месца, аднак яны цягнуліся вельмі доўга. Цяпер жа асноўнай пагрозай ёсьць іх маланкавы тэмп — камэнтуе прафэсар Галіна Лёрэнц, кліматоляг зь Інстытуту Мэтэаралёгіі і Воднай Гаспадаркі ў Варшаве. На яе думку, экасыстэмы ня будуць мець часу, каб прыстасавацца да зьменаў. Паводле дакладу «IPCC», могуць вымерці цэлых 30 адсоткаў гатункаў расьлінаў i жывёлаў.

У сакавіку брытанскі прэм’ер Тоні Блэр параўнаў барацьбу з наступствамі глябальнага пацяпленьня з змаганьнем з фашызмам і камунізмам. У Вялікабрытаніі да сёньняшняга дня гэта тэма нумар адзін ў палітыцы. Брытанцы якраз абмяркоўваюць закон, што прадпісвае будучым урадам, пад пагрозай штрафных санкцыяў, зьніжэньне эмісіі вуглекіслага газу на цэлых 60 адсоткаў да 2050 г.

Праз два тыдні кліматычныя зьмены будуць тэмай паседжаньняў Рады Бясьпекі ААН.

Вольга Данішэвіч паводле gazeta.pl

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

0
Michal Zaleski / Адказаць
10.04.2007 / 22:17
Не пачынаецца, а завяршаецца.
0
czalex / Адказаць
10.04.2007 / 23:21
Мораль сей басьні: "хутчэй дайце паболей грошай Элу Гору, Greenpeace і іншым эка-дармаедам на змаганьне з Страшэнным Глябальным Пацяпленьнем".
0
Klimatolag / Адказаць
11.04.2007 / 14:54
На Палесьсі расплешчацца мора, а на Міншчыне - зьявіцца маленькая Сахара. Верагодна ў Ушачах будуць расьціць кавуны ды ківі. Таму можна зараз прымаць захады для перасяленьня ў мейсца, якое найбольш даспадобы. А ўвогуле, садзіце дрэвы паўсюль, толькі яны выратуюць
Паказаць усе каментары/ 5 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру