25 красавіка БРСМ ладзіць акцыю «Чарнобыльскі шлях» у Івенцы (Валожыншчына).

Падчас акцыі на цэнтральнай плошчы Івенца пройдзе канцэрт беларускіх зорак эстрады. На гэтай імпрэзе будуць прысутнічаць дзеці з забруджаных радыяцыяй рэгіёнаў краіны. Гэта будзе не адзінае мерапрыемства, зладжанае ў рамках акцыі БРСМ «Чарнобыльскі шлях — дарога жыцьця», патлумачыла нам супрацоўніца саюзу Кацярына Далідовіч, адказная за правядзеньне акцыі. Яшчэ адно мерапрыемства пройдзе 12 красавіка ў курортным пасёлку Ждановічы пад Менскам.

Такія акцыі арганізацыя ладзіла і мінулыя гады, але сёлета яна найбольш рэклямуецца. Ролікі пра БРСМаўскую праграму «Чарнобыльскі шлях» актыўна паказваюць на беларускіх тэлеканалах.

Улады працягваюць гуляць на полі, дзе традыцыйна моцная апазыцыя. 25 сакавіка быў зладжаны канцэрт «За незалежную Беларусь», цяпер — новая акцыя. Адзначаць «Чарнобыльскі шлях» 26 красавіка ў сталіцы БРСМ пакуль не плянуе.

Варта адзначыць, што ў 1986 годзе Івенец трапіў у налібацка-івейскую радыяцыйную пляму. На пачатку 90-х узровень забруджваньня тутака складаў 1,5 кюры на кв. км. Цяпер, пасьля таго як адбыўся паўраспад радыеактыўнага цэзію, забруджваньне зьнізілася. Тым ня менш, мясцовае насельніцтва наракае на рэзкі рост анкалягічных захворваньняў, як і ў іншых забруджаных рэгіёнах. Ніякіх прафіляктычных захадаў на Валожыншчыне не праводзіцца.

Аднак выбар Івенца ў якасьці пляцоўкі для канцэрту БРСМ, магчыма, тлумачыцца не радыяцыяй, а іншымі акалічнасьцямі. У Івенцы адзначаецца актыўнасьць патрыятычнае моладзі. Напярэдадні Дня Волі валожанскае КДБ ажыцьцявіла шэраг вобшукаў школьнікаў, пра што ў "НН" пісалі ўдзельнікі падзеяў. Ня выключана, што і БРСМ абавязалі зарганізаваць "контрапрапагандысцкія імпрэзы" менавіта ў гэтым ціхім маляўнічым мястэчку з слаўнай гісторыяй.

Фота з сайту БРСМ

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?