Расія зноў заяўляе, што санкцыі супраць кіраўніцтва Беларусі непрымальныя. Аднак яна не будзе прымаць нейкія захады супраць ініцыятараў такіх абмежаванняў.
«Калі разлічваць на тое, што Расія, у піку таму, што ў дачыненні да Беларусі прадпрымаюцца нейкія санкцыі, будзе таксама каму-небудзь пагражаць санкцыямі, то гэтага не будзе», — заявіў Інтэрфаксу старшы дарадца расійскага пасольства Валерый Бандарэнка.
«Мы лічым, што ўжыванне санкцыяў у дачыненні да Беларусі з'яўляецца дэманстрацыяй і выкарыстаннем Захадам падвойных стандартаў», — дадаў дыпламат.
Валерый Бандарэнка адзначыў, што «ў Беларусі не самая горшая сітуацыя».
«Праблемы ёсць ва ўсіх, у тым ліку і ў Расіі. Але канцэнтраваць сваю ўвагу менавіта на беларускіх праблемах, выстаўляючы іх як нешта звышнатуральнае, — гэта дэманстрацыя палітыкі падвойных стандартаў», — заявіў прадстаўнік пасольства Расіі.
«Расія неаднаразова выступала за адкрытае абмеркаванне ўсіх наяўных праблемаў у адносінах Беларусі з ЕС, з Захадам у цэлым», — падкрэсліў В. Бандарэнка.