Выбараў у Беларусі як такіх няма, афіцыйныя вынікі не маюць нічога супольнага з рэальнымі сімпатыямі людзей. Аднак вылучэнне кандыдатаў, яго геаграфія — гэта паказчык і грамадзянскай актыўнасці, і ступені кантролю за людзьмі ў розных рэгіёнах. Таму аналіз гэтай статыстыкі па-свойму цікавы.

Галіну, якая вывучае такую статыстыку, называюць электаральнай геаграфіяй.

Вынікі выбараў ў Вярхоўны Савет БССР 1990, якія былі першымі альтэрнатыўнымі, часткова свабоднымі выбарамі, на жаль, не даступныя для вывучэння. Няма і рэгіянальных вынікаў (у разрэзе раёнаў) рэферэндуму аб захаванні СССР ў сакавіку 1991.

Адзінае, што вядома, — гэта вынікі прэзідэнцкіх выбараў 1994 году. Дэталёвае даследванне на гэтую тэму можна пачытаць зрабіў Аляксандр Кірэеў.
Поўныя вынікі «моўна-сімвалічнага» рэфэрэндуму мая 1995 года таксама пакуль невядомыя (але па асобных раёнах яны ёсць, і вынікі галасавання цалкам адпаведна накладаюцца на вынікі выбараў-1994: паўночны захад найбольш незалежніцкі і прабеларускі, паўднёвы ўсход максімальна прасавецкі і прарасейскі). Кампанія «Справаводства па-беларуску!" Ігара Случака (які, дарэчы, зараз балатуецца ў 34-йГомель-Савецкай“ выбарчай акрузе») вядзе збор гэтых дадзеных ў індывідуальным парадку, і ўжо ёсць частковыя вынікі. Таксама няма вынікаў парламенцкіх выбараў 1995 года — апошніх часткова свабодных.
На выбарах 2001 года, па якіх мапу зрабіў вядомы амэрыканскі электаральны географ расійскага паходжання (родам са Смаленска) Аляксандр Кірэеў (Александр Киреев). Ён зрабіў выснову, што на аснове лічбаў Цэнтрвыбаркама магчыма аналізаваць хіба асаблівасці фальсіфікацыі выбараў ў Беларусі і развіццё працэсу на выбарах 2006 году. Вынікі выбараў 2010 года электаральныя географы ўвогуле не лічаць вынікамі. На думку навукоўца, гэта проста лічбы, узятыя з галавы, пытанне толькі, з чыёй.

Рэч у тым, што ў святле электаральнай геаграфіі, параўнальнай статыстыкі «сляды» фальсіфікацый выяўляюцца як на далоні.

2012 год: колькасць кандыдатаў

Паколькі сэнсу рабіць мапы па выніках гэтых выбараў, хутчэй за ўсё, не будзе, то я рашыў зрабіць мапу колькасці кандыдатаў па акругах. Логікі тут няшмат, у параўнанні з сапраўднымі выбарамі, але яна, усё-ткі, ёсць.

Найперш варта адзначыць чатыры акругі, дзе выбары ад пачатку ідуць на безальтэрнатыўнай аснове. Усіх іх аб’ядноўвае адзін фактар — яны збольшага вясковыя. Гэта Воранаўскі, Шчучынскі раёны Гродзенскай вобласці, Баранавіцкі раён Брэсцкай, Маладзечаншчына і Заслаўская акруга (заходняя частка Мінскага раёна) Мінскай вобласці. Слаба верыцца, што ў гэтых акругах сапраўды няма альтэрнатыўных поглядаў на развіццё краіны.

У астатнім логіка прысутнічае — больш кандыдатаў зарэгістравана ў гарадах. Так, па 6 кандыдатаў будзе ў спісу для галасавання на некаторых акругах Мінска і Магілёва.

Беларускія партыі: памёрлі, не нарадзіўшыся

Паколькі ў Беларусі выбараў, як такіх, было вельмі мала, а выбараў па прапарцыйнай сістэме, калі людзі галасуюць за спісы партыяў, а не за кандыдата ў акрузе, наогул ніколі не было, не дзіўна, што беларускія партыі вельмі слабыя арганізацыйна.

На гэтых выбарах ніводная (!) партыя не здолела выставіць кандыдатаў ва ўсіх акругах.
Больш за ўсё выставіла кандыдатаў псеўдаапазіцыйная Ліберальна-дэмакратычная партыя, якая карыстаецца маўклівым дазволам уладаў і ніколі не падпадала пад рэпрэсіі.
Менш за ўсіх вылучылі Аграрная і Сацыяльна-спартовая партыі — толькі па адным кандыдаце.

Цікавая геаграфія ў Кампартыі Беларусі — партыі, якая афіцыйна падтрымлівае Лукашэнку і прадстаўнікоў якой заўжды запускаюць у палаты: з 21 кандыдата ад партыі 16 балатуюцца ў мінскіх акругах, дзе ствараюць бачнасць канкурэнцыі, яшчэ 3 — у Мінскай вобласці, па адным — у Гомелі ды Віцебску. Няма кандыдатаў ад КПБ на Магілёўшчыне, Берасцейшыне, Гарадзеншчыне.

Здзівіла Партыя БНФ. Пры тым, што калісці яе ідэі былі яўна больш папулярнымі на захадзе краіны, цяпер БНФ выставіла кандыдатаў, чамусьці, галоўным чынам на Магілёўшчыне. Для выніку выбараў гэта, звычайна, ніякага значэння не мае, але ж цікавая логіка кіраўнікоў партыі.

Удзел ці байкот?

З аднаго боку, няма падставаў лічыць тое, што адбываецца, выбарамі. З другога, поўны байкот аслабляе апазіцыйныя структуры.

Выбары — легальная магчымасць для гутаркі з людзьмі. Чаму б ёй і не скарыстацца? Тым больш, што грошай для гэтага не трэба.

Наш украінскі досвед падказвае, што любой магчымасцю для правядзення нацыянальнай агітацыі варта карыстацца. Вынік прыйдзе пазней, у спрыяльны гістарычны момант.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?