Святкаванне Дня вайсковай славы ў аршанскіх ваколіцах расцягнулася амаль на тры дні. Самадзейныя мастацкія імпрэзы з рознай колькасцю ўдзельнікаў змянялі адна адну, і мінулай ноччу на Аршаншчыне адбыўся яшчэ адзін канцэрт беларускіх бардаў.

Праз тое, што бардаўскі фэст «Аршанская бітва» некалькі апошніх год зрывала міліцыя, ён больш не праходзіць у выглядзе вялікага канцэрту з начоўкай у намётах
на знакамітым полі Аршанскай бітвы, што адбылася 8 верасня 1514 году.
Сёлета на гістарычным полі не спявалі. Але тут прайшлі і ускладанне кветак, і супольная малітва ў памяць пра палеглых ваяроў.
Бардаўскія спевы гучалі ў іншых мясьцінах, хаця паслухаць іх маглі далёка ня ўсе ахвотныя — бо канцэрты ладзіліся ў вымушаных умовах канспірацыі.

«Увечары 8 верасня мы сабраліся пад вёскай Брылі, у вусці невялікай рачулкі Водзьбіцы.

Спявалі амаль да самай раніцы, хаця было нас зусім няшмат, каля дзясятка чалавек. У тым ліку двое спевакоў, я і Мікола Рудкоўскі», — апавёў вядомы бард Андрэй Мельнікаў.
Міліцыя ўсё-ткі завітала на патаемнае месца, дадаў спадар Андрэй. Ва ўсіх прысутных праверылі дакументы
і перапісалі асабістыя дадзеныя. Але нікога не затрымлівалі.

Нягледзячы на тое, што бардаўскі фэст змяніў фармат, і канцэрты праходзяць у падпольных умовах, поле Аршанскай бітвы не забытае.

Гэтымі днямі на ім пабывала не менш за сто чалавек, якія прыязджалі сюды без усялякіх папярэдніх дамоўленасцяў.
І над полем, які і ў мінулыя гады, луналі бел-чырвона-белыя сцягі.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?