І не толькі да раённых і сельскіх — за мінулы год колькасць чытачоў Нацыянальнай бібліятэкі скарацілася на 10%.

Да 2011 года колькасць чытачоў мела ўстойлівую тэндэнцыю да росту. У 2010 годзе колькасць карыстальнікаў бібліятэкі дасягнула максімуму — 163 тысячы чалавек, павялічыўшыся ў параўнанні з 2005 годам (тады ў Нацыянальнай бібліятэкі яшчэ не было новага будынка) амаль на 40%.

Затрымаліся ў чэргах?

Аднак у 2011 годзе адбылося скарачэнне карыстальнікаў на 15,5 тыс, хоць магчымасці для чытачоў толькі пашыраюцца.

Бібліятэчны фонд Нацыяналкі год ад года павялічваецца. Пераваліўшы за 9 млн асобнікаў у 2010 годзе, у 2011 годзе ён папоўніўся яшчэ 129 тысячамі асобнікаў.

Не выключана, што прычынай зніжэння цікавасці да Нацыянальнай бібліятэкі ў 2011 годзе стаў фінансавы крызіс — у людзей, якія прастойваюць у чэргах па валюту і ажыятажныя віды тавараў, проста не хапала часу на бібліятэку. І тады паказчыкі мінулага года, магчыма, не варта лічыць канчатковай зменай трэнду.

Разлюбілі друкаваную прадукцыю?

У той жа час дадзеныя па выкарыстанні фонду бібліятэкі паказваюць, што зніжэнне чытацкай цікавасці — устойлівая тэндэнцыя.

Разам са скарачэннем колькасці карыстальнікаў у 2011 годзе знізілася і колькасць выдадзеных кніг і часопісаў — прыкладна на 5% у параўнанні з 2010 годам.

Усяго за мінулы год Нацыянальная бібліятэка выдала амаль 2,7 млн асобнікаў кніг і часопісаў. Гэта больш, чым у 2005 годзе (амаль 2,4 млн), але на 12% менш, чым у 2008, калі колькасць выдадзеных за год асобнікаў перасягнула 3 мільёны. У цэлым тэндэнцыя па зніжэнні выдачы кніг і часопісаў захоўвалася цягам чатырох апошніх гадоў.

Колькасць чытачоў на адну бібліятэку вырасла

Тэндэнцыя па скарачэнні выкарыстання бібліятэчнага фонду характэрная ў апошнія гады для Беларусі ў цэлым, аднак тэмп зніжэння істотна меншы, чым для галоўнай бібліятэкі краіны. Так, у 2011 годзе ў параўнанні з 2005-м скарачэнне колькасці выдадзеных кніг і часопісаў па краіне ў год склала 9,3%, а ў параўнанні з 2010 годам — 1%.

Колькасць бібліятэк у цэлым па краіне зменшылася, як і чытачоў (на 10% у параўнанні з 2005 годам і на 1% у 2011 у параўнанні з 2010), але колькасць карыстальнікаў на адну бібліятэку ў 2011 годзе вырасла на 1,7% у параўнанні з 2010 годам і перавысіла 1000 чалавек.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?