Яшчэ нядаўна, выступаючы перад студэнтамі ЕГУ, заснавальнік і ўладальнік партала Tut.by сцвярджаў, што ў Беларусі пабудаваны «рай для абывацеля», яшчэ ўчора Юрый Анатолевіч грудзьмі кідаўся бараніць некаторых асабліва набліжаных да кармушкі айчынных бізнесменаў ад санкцый ЕС, а сёння адкрыта франдуе, дазваляючы крайнюю ступень апазіцыйнага абурэння: «…Наша дзяржава знаходзіць мільёны на лядовыя палацы і барацьбу з падлеткамі ў сацыяльных сетках, але не захацела знайсці капейкі, каб камандзіраваць кіраўнікоў і спецыялістаў для ўдзелу ў беларускай секцыі на „ўсходнееўрапейскім Давосе“, Беларусь на гэтым паважаным форуме прадставяць не звязаныя з эканомікай людзі, якіх наўрад ці будзе займаць рост беларускага экспарту, развіццё эканамічнага супрацоўніцтва або інвестыцыі ў Беларусь».

Вось гэтая фронда цалкам незразумелая.

Наш «Рай для абывацеля» мае выразна выяўленую пакетную прапанову. Нізкі кошт камунальных паслуг не можа ісці ў адрыве ад забароны на сацыяльную актыўнасць, з-за таго, што датацыі на камуналку кампенсуюцца высокімі коштамі ў іншых месцах. «Лядовыя палацы» неаддзельныя ад адмовы фармаваць эканамічна прывабнае асяроддзе, бо ў празрыстай, разумнай эканамічнай прасторы будуць спачатку лічыць эканамічную мэтазгоднасць, а толькі потым укладваць грошы ў будоўлю.

Так што абураецца Юрый Анатольевіч зусім дарма.

І яшчэ адна рэмарка, прысвечаная больш ранняму кідку Зісера на ЕСаўскую амбразуру, сэнс якога зводзіўся да таго, што санкцыі ЕС незаконныя, бо няма ні аднаго доказу ўдзелу т.зв. «кашалькоў» у фінансаванні рэжыму.

Нагадаю скандал, які паўстаў, калі «Сталічнае тэлебачанне» скрала канцэпт амерыканскага серыяла «Тэорыя вялікага выбуху» і выпусціла самабытнае, шматвектарнае і дзіўна падобнае шоу. Чак Лоры, аўтар «Тэорыі вялікага выбуху», звярнуўся за абаронай сваіх правоў, «Уорнер Бразэрс» напружыла юрыстаў, якія, вывучыўшы праблему, зрабілі заключэнне:

— «Сталічнае тэлебачанне» — прыватны тэлеканал, які працуе пад кіраваннем дзяржавы. Судзіцца бессэнсоўна.

Хутчэй за ўсё, такую формулу ўжываюць у ЕС у дачыненні да Пефціева, Чыжа ды іншых.

Дзіўнае робіцца ў галаве ў Юрыю Анатольевіча.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?