Суд над экс-начальнікам сакратарыята савета рэспублікі зрабілі закрытым. Хадайніцтва пра перанос працэсу ў закрыты разгляд заявіў пракурор.

Маўляў, у справе прысутнічае інтымная інфармацыя, якая тычыцца абвінавачанага.

Адвакат і сам Бядрыцкі настойвалі, каб працэс ішоў адкрыта. Але суддзя Таццяна Тупік падтрымала пракурора.

Глеб Бядрыцкі быў затрыманы 19 кастрычніка 2011-га. Ён абвінавачваецца па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса:

чч.2–4 арт.210 — «Крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі» і ч.3 арт.424 — «Злоўжыванне ўладай альбо службовымі паўнамоцтвамі».

Глеб Бядрыцкі нарадзіўся ў 1974 годзе ў Наваполацку. У 1996 годзе скончыў Беларускую дзяржаўную політэхнічную акадэмію па спецыяльнасці «прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва», у 2000-м — Акадэмію кіравання пры прэзідэнце па спецыяльнасці «сусветная эканоміка і міжнародныя эканамічныя адносіны». Ягоны кар’ерны шлях цікавы: працаваў у Міністэрстве архітэктуры і будаўніцтва, пасольстве Беларусі ў Германіі, апараце Савета міністраў. Пасаду начальніка сакратарыята савета рэспублікі заняў у верасні 2003 года. Гэта значыць, літаральна праз два месяцы пасля таго, як у апазіцыю перайшоў тагачасны кіраўнік палаты акадэмік Аляксандр Вайтовіч. Мусіць, тады ў пэўных структурах зразумелі, што прагапілі Вайтовіча і што кантроль над палатай трэба «ўзмацняць».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?