Дакументальны фільм «Старыя інструменты Беларусі» прэтэндуе стаць падручнікам па гісторыі беларускіх музычных інструментаў ці іх энцыклапедыяй. Яго сцэнарыстам і рэжысёрам стаў даследчык нацыянальных інструментаў Зміцер Сасноўскі, лідэр гурта «Стары Ольса».

Кіно выйдзе ў продаж на DVD пасля 20 красавіка. І будзе прадавацца ліцэнзійным накладам у крамах па‑беларуску і па‑англійску. Стваральнікі збіраюцца падаць фільм на конкурс каналаў «Дыскавэры» і «Нэшнл Джэографік». Рэжысёр Зміцер Сасноўскі распавядае пра стылістыку фільма.

Зміцер Сасноўскі: «Фільм выкананы ў стылістыцы дакументальных фільмаў канала «Дыскавэры». То бок ён складаецца з сюжэтаў, у якіх паказана, як практычна вырабляюцца музычныя інструменты, сюжэтаў, дзе выказваюцца эксперты, «лабараторных» здымкаў старых інструментаў, якія захаваліся ў нашых музеях, і мастацкіх ілюстрацый таго, пра што распавядаецца.

Напрыклад, калі майстар‑лютніст Юрый Дубнавіцкі кажа пра выкарыстанне лютні ў паходным побыце рыцараў, мы паказваем рыцыра з лютняй».

Фільм распавядае пра пяць інструментаў: дуду, лютню, ліру, гуслі і сурму. Яго стваральнікі сцвярджаюць, што ён мае вялікую навуковую значнасць, бо развейвае некаторыя міфы пра беларускія і небеларускія музычныя інструменты і ўтрымлівае шмат рарытэтнай інфармацыі. Адміністратар карціны Яна Шыдлоўская распавядае пра працэс здымак.

Яна Шыдлоўская: «Мы знайшлі фотаздымак дудара, якога ўзгадвалі ў сваіх працах усе выбітныя навукоўцы, але выявы ніхто не мог знайсці. Мы знайшлі яе ў архіве кіна‑ і фотаматэрыялаў у Дзяржынску, нам вельмі пашчасціла. А з цікавых момантаў...

Нам трэба было праілюстраваць гравюру Магнуса, шведскага даследчыка дуды. А гравюра гэтая з мядзведзем. І мы бралі яго ў цырку, здымалі ў парку, і для людзей гэта было дзіва: жывы мядзведзь у парку».

Доўжыцца кіно крыху менш за гадзіну. За гэты час гучаць інтэрв’ю з музыкамі і даследчыкамі, паказваецца праца майстроў, якія ствараюць інструменты, выкарыстоўваюцца запісы з канцэртаў, ілюструюцца сярэднявечныя сцэны.

Рэжысёр кажа, што фільм «Старыя інструменты Беларусі» прызначаюцца не толькі шырокаму колу гледачоў, але і этнамузыказнаўцам.

Зміцер Сасноўскі: «У беларускім этнамузыказнаўстве доўгі час нічога не рабілася. Таму гэты фільм падняў многія рэдкія пытанні. Напрыклад, «дзякуючы» савецкім этнамузыколагам, было меркаванне, што гусляў на Беларусі не было, нягледзячы на шматлікія факты.

Мы прысвяцілі гуслям асобную частку ў «Старых інструментах Беларусі». Наша афіцыйная навука пазбягае кантактаў з беларускімі майстрамі і даследчыкамі, якія не працуюць на дзяржаўнай працы, хаця яны зрабілі шмат адкрыццяў у даследаванні дуды. Мы ж у сваім фільме іх сведчанні выкарыстоўваем».

***

Фільм выйдзе ў продаж праз два тыдні, але яго прэзентацыя адбудзецца 12 красавіка а 18 гадзін у Палацы моладзі па вуліцы Старавіленскай, 41.

Кацярына Буланава, «Эўарарадыё»

Фота з сайту «Старога Ольсы», фатограф — А.Белавусаў

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0