Пажар здарыўся мінулай ноччу. Машына кандыдата Аляксея Ціханенкава была прыпаркаваная на лецішчы каля вёскі Кабылякі ў Аршанскім раёне.

«Лецішча знаходзіцца на тэрыторыі дачнага каапэратыва „Будаўнік“. Я не памятаю, каб у нас раней гарэлі машыны. На пачатку другой гадзіны ночы я пачуў трэск і нейкія хлапкі. Зірнуў у акно — гарыць мая машына. Выклікаў ратавальнікаў і міліцыю. Машыну патушылі, але салон увесь выгараў», — апавёў Аляксей Ціханенкаў.

Невядомыя зламыснікі павыбівалі шыбы, каб укінуць усярэдзіну трохлітровую пластыкавую бутэльку з гаручай вадкасцю.

Аляксей Ціханенкаў падазрае ў падпале двух братоў, адзін з якіх — супрацоўнік міліцыі. Пра гэта ён і заявіў следчым. Абодвух братоў 11 верасня спрабавалі апытаць праз дэтэктар хлусні, але малодшы адмовіўся ад гэтай працэдуры.

Напярэдадні, 10 верасня, па тэлебачанні транслявалі тэледэбаты кандыдатаў па Аршанскай гарадской выбарчай акрузе з удзелам даверанай асобы Ціханенкава, віцебскага праваабаронцы Паўла Левінава. Дэбаты атрымаліся вострыя: кандыдатка Людміла Дабрыніна, старшыня Аршанскага гарсавета, у катэгарычнай форме адмовілася адказваць на пытанне пра захаванне правоў чалавека ў Рэспубліцы Беларусь.

Павал Левінаў не выключае, што падпал машыны кандыдата мог стацца наступствам трансляцыі тэледэбатаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?