Аляксей Дзікавіцкі: Новы фармат прадугледжвае амаль тры гадзіны інфармацыйна-публіцыстычнага вяшчання ў прайм-тайм — ад 19:00 да 21:45. Палову гэтага часу зойме жывы эфір. Менавіта такія праграмы найбольш папулярныя сярод нашых гледачоў. Паводле вынікаў даследаванняў нашай аўдыторыі, каля 70% гледачоў цікавяць менавіта інфармацыйныя праграмы. Кожная гадзіна блоку будзе пачынацца «жывой» паўгадзінкай, дзе будуць выпускі навінаў, а таксама спорт, надвор’е, навіны культуры, агляд прэсы і электронных мэдыяў. Сюды ж вернецца праграма «Гарачы каментар». Вядоўцы блоку — гэта маладыя, але ўжо дасведчаныя журналісты, якія працуюць з намі ад пачатку вяшчання: Алесь Залеўскі, Сяргей Падсасонны, Аліна Коўшык. Навіны будуць весці Вольга Шарапкіна, Вольга Жарнасек і Кірыла Смяглікаў.

«Наша Ніва»: А што за праграму будуць весці спадары Жбанкоў і Мацкевіч?

АД: Яна будзе ісці пры канцы блоку (каля 21:30). Гэта наша абсалютная навінка, весці яны будуць па чарзе. Іх задача — больш шырокі, часам нават не на злобы дня, каментар да розных праяваў нашага жыцця. Гэта размова ў фармаце вядоўца+госць. Прычым яе адрозненне ад іншых праграмаў такога кшталту (напрыклад «Гарачага каментара») палягае ў тым, што вядоўцы такога ўзроўню могуць не толькі задаваць пытанні госцю, але і выказваць уласныя меркаванні, ацэнкі.

НН: А чаму менавіта Жбанкоў і Мацкевіч?

АД: Нам падаецца, што гэтыя людзі маюць свае выразныя пазіцыі, хаця, канечне, яны шмат каму могуць і не падабацца.

НН: Ці абапіраліся вы на нейкія аналагі пры стварэнні гэтай перадачы? Гэта нешта кшталту шоу Лары Кінга ці Дэвіда Летэрмана?

АД: У прынцыпе, у тэлебачанні цяжка прыдумаць нешта новае. Аднак у Беларусі на дзяржаўных падобных праграмаў поста няма і ў гэтым навізна «Размовы» як і там няма і інтэлектуалаў такога ўзроўню як спадары Мацкевіч і Жбанкоў. Калі хочаце, гэта можна параўнаць з перадачамі Познера на расейскім ТБ. Перадача будзе ісці ад аўторка па пятніцу.

НН: Атрымліваецца 208 перадач за год. Ці хопіць гасцей? Ехаць у Варшаву праблематычна...

АД: Дзе будзе рабіцца праграма — гэта пакуль невялікая таямніца.

НН: А лукашэнкаўцы будуць? Каб было сутыкненне думак?

АД: Мы ўжо шматразова намагаліся запрасіць прадстаўнікоў улады ў розныя публіцыстычныя праграмы, але яны, на жаль, адмаўляюцца.

НН: Пра што ж тады дыскутаваць будуць, калі няма лукашэнкаўцаў?

АД: Фармат праграмы прадугледжвае, што у ёй возьме удзел вядоўца і адзін госць. Бяручы пад увагу тэмперамент і светапогляды абодвух вядоўцаў, думаю, дыскусія ўдасца. Яна, зрэшты, не абавязкова павінна быць надта «гарачай». Галоўнае, каб гледач атрымаў больш шырокі погляд на праблему.

* * *

Прэм’ерная перадача адбылася ў аўторак 11 верасня, правёў яе спадар Мацкевіч, яе тэмай была «Роля і месца чалавека ў палітыцы і грамадскім жыцці ў Беларусі», а госцем быў Аляксандр Фядута.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?