12.09.2012 / 14:17

У ДАІ расказалі, для чаго ўсталяваныя камеры на скрыжаванні Платонава і Казлова

Камеры маглі заўважыць многія сталічныя аўтааматары.

Як выявілася, на гэтым скрыжаванні праходзіць тэставанне новай сістэмы. Тэхналогіі, якія выкарыстоўваюцца на скрыжаванні вуліц Казлова і Платонава, ужо паспяхова выкарыстоўваюцца ў Кітаі. Як растлумачылі прадстаўнікі Мінскай ДАІ, камеры — частка аўтаматызаванай сістэмы відэадэтэктавання дарожнага руху. Яна дапаможа не толькі сачыць за дарожнай абстаноўкай, фіксаваць парушэнні ПДР, але і знаходзіць скрадзены транспарт і машыны, якія не прайшлі тэхагляду.

«На дадзеным участку мы адпрацоўваем арганізацыйныя, тэхнічныя і прававыя аспекты функцыянавання сістэмы, — расказалі ў Дзяржаўтаінспекцыі. — У першую чаргу базавыя парушэнні: перавышэнне хуткасці, праезд на чырвонае святло, перасячэнне дзвюх суцэльных палос, паварот у забароненым месцы, выезд на сустрэчную, прыпынак у забароненым месцы. Камеры фіксуюць усе аўтамабілі, дзейнічае сістэма распазнання нумароў. Падкрэслім, што ўвесь праект ствараецца не для выпісвання штрафаў, а з прафілактычнай мэтай — знізіць аварыйнасць з пацярпелымі на вулічна-дарожнай сетцы Мінска».

Цяпер базы дадзеных (напрыклад, спіс аўтамабіляў «бяспраўнікаў») да сістэмы не падлучаныя. Тэставанне працягваецца. Паводле інфармацыі ДАІ, у рамках пілотнага праекта плануецца тэставаць відэафіксацыю такіх парушэнняў ПДР, як язда без рэменя бяспекі і размовы па мабільніку падчас руху без hands free.

Інспектары прыслухаліся да заўваг з нагоды выбліскаў, якія рэагуюць на кожны падарожны аўтамабіль і слепяць кіроўцаў. З учорашняга дня гэты рэжым працы выключаны. «Так дарогу фіксуюць камеры ў Шанхаі, — растлумачылі ў Дзяржаўтаінспекцыі. — На нашых вуліцах спатрэбіцца дадатковае асвятленне. Святло патрэбнае, каб на відэа можна было разабраць твар кіроўцы. Сістэма будзе працаваць у тэставым рэжыме яшчэ мінімум паўгода, каб праверыць яе ў асенне-зімовы перыяд — напрыклад, як камеры распазнаюць брудныя нумары».

Такія відэапрылады плануецца таксама ўсталяваць на скрыжаванні пр. Машэрава і вул. Крапоткіна — для фіксацыі праездаў на чырвоны сігнал, а таксама на 30-м кіламетры МКАД — для фіксацыі перавышэнняў хуткасці.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру