Лідар кампаніі «Гавары праўду!» Уладзімір Някляеў 12 верасня звярнуўся з адкрытым лістом да старшыні Цэнтрвыбаркама Лідзіі Ярмошынай, у якім заклікаў яе забяспечыць сапраўдную роўнасць усіх кандыдатаў у дэпутаты, абараніць іх саміх і іх давераных асоб ад прававога бязмежжа.

Палітык напісаў адкрыты ліст, «бо нашы афіцыйныя звароты ў ЦВК наконт перашкод, што робяцца дзяржаўнымі структурамі кандыдатам у дэпутаты парламента ад апазіцыі, ніякага ўздзеяння на змяненне сітуацыі не далі».

Някляеў адзначае, што на парламенцкіх выбарах з’яўляецца даверанай асобай 13-ці кандыдатаў у дэпутаты. Давераная асоба ў адпаведнасці з Выбарчым кодэксам можа праводзіць масавыя мерапрыемствы для ажыццяўлення перадвыбарнай агітацыі. Аднак, падкрэслівае ён, праваахоўныя органы забаранілі яму ўдзел ва ўсіх мерапрыемствах выбарчай кампаніі, матывуючы гэта тым, што ён асуджаны за арганізацыю несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў.

«Але калі я злачынца, чаму мяне зарэгістравалі даверанай асобай? А калі я давераная асоба, чаму мне забараняюць рабіць тое, што я маю права рабіць згодна з законам і павінен рабіць згодна з абавязкамі?
Калі гэта не парушэнне не толькі маіх правоў, але і правоў кандыдатаў у дэпутаты, тады што гэта такое?» — задае пытанні Някляеў.

Палітык таксама пералічвае выпадкі затрымання і арышту давераных асоб кандыдата ў дэпутаты па Фрунзенскай выбарчай акрузе № 101 Арцёма Лявы, Ягора Віняцкага, Паўла Вінаградава і Аляксандра Арцыбашава.

«Цяпер давераных асоб кандыдатаў-апазіцыянераў ужо арыштоўваюць. Вось-вось стануць арыштоўваць, як гэта было на прэзідэнцкіх выбарах, саміх кандыдатаў. І вы спадзяецеся, што міжнародныя арганізацыі прызнаюць выбары, што праводзяцца ў такіх умовах, дэмакратычнымі?» — звяртаецца Някляеў да Ярмошынай.

Палітык упэўнены, што «ў такіх умовах людзі не вераць у справядлівасць выбараў і не збіраюцца галасаваць».

«З уласцівай вам непасрэднасцю вы называеце ўстановачную лічбу яўкі на парламенцкія выбары: яна такая ж, як на выбары прэзідэнцкія, не менш чым 70%. Як чалавек, які штодзённа аналізуе інфармацыю па ходу выбарчай кампаніі і ў Мінску, і ў рэгіёнах, запэўніваю вас, што спушчаная вам зверху лічба яўкі яўна завышаная. Дай Бог, каб набралася працэнтаў 40–45», — адзначае палітык.

Някляеў нагадвае Ярмошынай «аб непазбежнай адказнасці за фальсіфікацыю вынікаў выбараў і яшчэ аб тым, што ЦВК — гэта не Цэнтр Выканання Каманд, што паступаюць з адміністрацыі Лукашэнкі, з МУС і КДБ, якім Лукашэнка публічна даручыў забяспечыць правядзенне „справядлівых“ выбараў, а Цэнтральная Выбарчая Камісія». «і калі вы ўсё ж старшыня Цэнтральнай Выбарчай Камісіі, то ваш прамы абавязак — забяспечыць сапраўдную роўнасць усіх зарэгістраваных кандыдатаў, абараніць іх саміх і іх давераных асоб, усіх удзельнікаў выбарчага працэсу ад прававога бязмежжа. Інакш надзеям на прызнанне выбараў ніяк не збыцца», — лічыць ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?