13.09.2012 / 00:23

«Нацыянальную бібліятэку пабудавалі на маім гародзе» 9

Сёння адзначае 75-годдзе літаратуразнаўца Уладзімір Содаль.

«Я лічу сябе карэнным нашаніўцам, — кажа літаратуразнаўца Уладзімір Содаль. — І маю на тое ўсе падставы, дзякуючы кнізе «Волат з Мігаўкі».

Выданне, прысвечанае рэдактару «Нашай Нівы» Аляксандру Уласаву, можна назваць унікальным — спадар Содаль сабраў успаміны людзей, якія ў розны час сустракаліся з Уласавым. Як гэтая кніга, так і іншыя яго працы, прысвечаная дзеячам нашай культуры, прасякнутыя непадробнай любоўю.

Уладзімір Содаль нарадзіўся ў вёсцы Мормаль Жлобінскага раёна. «Усе мае продкі былі ў высылцы, — расказвае спадар Уладзімір. — Мелі ўнікальны для Беларусі паравы млын.

Тату нават вярнулі з высылкі, бо не было спецыяліста, які б мог працаваць на тым млыне. Пасля яго забралі на вайну, я добра памятаю, як бег за машынай і прасіў узяць мяне з сабой...»

Лёс спадара Уладзіміра складаўся няпроста. У дзяцінстве з-за выпадковага выбуху ён страціў вока.

Але гэта не зашкодзіла яму пасля школы паехаць працаваць на Поўнач.
«На экзаменах у Мазырскі педінстытут я зрэзаўся на расейскай мове, — згадвае спадар Уладзімір. — Мне прапанавалі стаць загадчыкам клуба. Той клуб быў вельмі запушчаны, і мы з моладдзю прывялі яго ў належны стан. Сельсавет набыў музычныя інструменты, але ў самы разгар нашай асветніцкай працы нехта іх скраў. Сельсавет вырашыў усю страту спагнаць з мяне. Як толькі я разлічыўся, паехаў у Мурманск».

Содаль уладкаваўся на працу ў порт, электрыкам прычала. Калегі не маглі запомніць яго незвычайнае прозвішча, таму называлі Сальта — такую назву меў італьянскі партовы кран.

«У Мурманску мяне не пакідала думка пра Беларусь, пра лёс мовы. Я напісаў ліст Нілу Гілевічу з пытаннем, чаму беларуская мова і культура настолькі занядбаныя».
Пасля двух гадоў ліставання Содаль вярнуўся ў Беларусь. Ён здолеў паступіць ва ўніверсітэт — за яго заступіўся рэктар, сказаў прыёмнай камісіі: «Гэтага хлопца трэба ўзяць, калі што, папраўце там яму памылкі».

Пасля Содаль працаваў у санаторыі для сухотнікаў — адкрываў дзецям беларускую культуру, ён стварыў праграму «Роднае слова» на тэлебачанні. Адначасова з’яўляюцца яго шматлікія публікацыі і кнігі пра Багушэвіча, Ядвігіна Ш., Дуніна-Марцінкевіча, Зоську Верас... У 1997 спадар Уладзімір атрымаў ордэн «Гонар Айчыны» і імянны срэбны пярсцёнак з выявай «Пагоні» за даследчую працу і змаганне за мову.

Любіць Уладзімір Содаль расказваць пра тое, што на ягонай зямлі цяпер пабудавана Нацыянальная бібліятэка: «Там раней былі прыватныя надзелы, вёска. І ў мяне быў свой кавалак...
Сябры вельмі весяліліся, казалі: у каго што на гародзе вырасла, а ў Валодзі — адразу бібліятэка».

Уладзімір Содаль працягвае працаваць на карысць беларускай культуры. «Наша Ніва» зычыць яму здароўя і творчых поспехаў.

Юрась Ускоў

0
Ганна / Адказаць
13.09.2012 / 06:32
Віншую гэтага цудоўнага чалавека з 75 годдзем! Жадаю моцнага здароўя, доўгіх год жыцця і новых творчых праэктаў. Так наверна ніхто не любіць Багушэвіча, як спадар Содаль. Нізкі яму паклон за любоў да Беларусі!
0
А.В. / Адказаць
13.09.2012 / 09:01
Як добра напісана пра добрага і руплівага да мовы, да культуры нашай чалавека! Моцы вам, Уладзімір Ільліч. У вас ня толькі бібліятэка вырасла на гародзе. У вас дзеці, унукі растуць, і мо таксама будуць мець месца ў той бібліятэцы як аўтары - у працяг зробленага татам і дзядулем.
0
Димыч / Адказаць
13.09.2012 / 10:01
А.В. напiсаў(ла) 13 верасня 2012 у 9:01 Як добра напісана пра добрага і руплівага да мовы, да культуры нашай чалавека! ============== Так, але мова так и не адраджаецца. Чаму?
Паказаць усе каментары/ 9 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру