У Міністэрстве замежных спраў Беларусі пакуль не пацвярджаюць інфармацыю пра магчымае прызначэнне Паўла Латушкі на пасаду беларускага пасла ў Францыі.

Чуткі пра магчымасць такога прызначэння з’явіліся ў беларускіх СМІ тыдзень таму.

На просьбу БелаПАН пракаментаваць іх прэс-сакратар МЗС Андрэй Савіных заявіў:

«Рашэнне прымае прэзідэнт. Калі ён падпісвае ўказ, прэс-служба пра гэта паведамляе. Усё астатняе — гэта тэхнічныя дэталі, якія ў прэсе не асвятляюцца».

Павел Латушка зараз працуе на пасадзе міністра культуры, на якую быў прызначаны ў чэрвені 2009 года. Доўгі час працаваў у структуры МЗС: у 1995–1996 гадах быў аташэ дагаворна-прававога ўпраўлення МЗС Беларусі; у 1996–2000 — консулам консульства Беларусі ў Беластоку (Польшча); у 2000–2002 — начальнікам упраўлення інфармацыі — прэс-сакратаром МЗС; у 2002–2008 гадах — паслом у Польшчы. У СМІ Паўла Латушку называюць амаль што адзіным беларускім чыноўнікам высокага рангу, які размаўляе па-беларуску.

Пасольства Беларусі ў Францыі з лютага 2008 года ўзначальвае Аляксандр Паўлоўскі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?