Традыцыйна прэмія ўручаецца ў Бычках на дзень нараджэння Быкава, але, калі імя лаўрэата стала вядомым, Лявон адпачываў у Чарнагорыі. Таму статуэтку і дыплом Вольскі атрымаў толькі цяпер. Прамову ўганаравання сказаў пісьменнік Уладзімір Арлоў. Дакладней, ён «пастараўся паўтарыць» тое, што ўжо сказаў, «павярнуўшыся ў бок Чарнагорыі», у Бычках.
Ён правёў паралелі між Вольскім і іншым лаўрэатам — Алесем Белакозам, настаўнікам з Мастоўшчыны. Арлоў гаварыў пра сувязь пакаленняў і пра эстафету беларускай традыцыі. Ён таксама прыгадаў пра свой паход на канцэрт «Песняроў» — тады яшчэ «Лявонаў» — у Полацку, калі Арлоў быў дзесяцікласнікам. Ён гаварыў пра тое, як гэта паўплывала на яго, і пра ўплыў музыкі на душы і розумы. Арлоў назваў Вольскім нашым вялікім сучаснікам.
Лявона павіншавалі таксама бард Зміцер Бартосік, Аляксандр Мілінкевіч — заснавальнік прэміі «Дзеля гэтых песень, якія пяюць пад гітару на дварах, варта было жыць!» — сказаў Бартосік. Мілінкевіч пажадаў Лявону ствараць яшчэ песні для многіх пакаленняў.
«Калі з душы творцы знікае свабода творчасці, знікае і сам творца», — сказаў Вольскі.
Прэмія ўручаецца за «дзейнасць на карысць Беларусі і свабоды».