Камітэт па правах чалавека ААН зарэгістраваў скаргу беларускага праваабаронцы Валянціна Стэфановіча на ўмовы ўтрымання ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў (ЦІП) ГУУС Мінгарвыканкама, які размешчаны на вуліцы Акрэсціна.

Як паведаміў Стэфановіч, скаргу ў Камітэт ААН па правах чалавека (КПЧ) ён накіраваў у 2010 годзе. Праваабаронца скардзіўся на ўмовы ўтрымання ў ЦІП, куды быў змешчаны пасля акцыі пратэсту супраць смяротнай кары, якая прайшла 23 сакавіка.

Звярнуцца ў міжнародную структуру Стэфановіч вымушаны быў пасля таго, як яго скаргу на ўмовы ўтрымання ў ЦІП праігнаравалі суд Маскоўскага раёна сталіцы і Мінскі гарадскі суд.

Зварот праваабаронцы тычыўся парушэння арт. 5 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека і арт. 7 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, згодна з якімі ніхто не павінен зведваць катаванні або жорсткае, бесчалавечнае абыходжанне і пакаранне, якія зневажаюць годнасць.

Бесчалавечным абыходжаннем Стэфановіч палічыў тое, што ўмовы ўтрымання не адпавядаюць базавым санітарна-гігіенічным нормам.
«Гэтая турма выкарыстоўваецца ўладамі для ўтрымання дэмакратычных актывістаў, прыгавораных да зняволеныя паводле фальшывых абвінавачанняў. Такім чынам, людзі змяшчаюцца ва ўмовы, якія можна назваць катаваннямі», — заявіў праваабаронца.

Яго індывідуальная скарга зарэгістравана ў КПЧ ААН пад нумарам 2882/2012, ужо пачаліся працэдуры па вывучэнні справы.

«Зараз Камітэт па правах чалавека папросіць беларускія ўлады пракаментаваць маю скаргу. Потым я магу напісаць свой водгук на гэты каментарый, і толькі затым скарга будзе разгледжана. У прынцыпе, на гэта патрабуецца звычайна тры-чатыры гады, і можна за гэты час яшчэ не раз трапіць у ЦІП», — заўважыў Стэфановіч.

Пры гэтым праваабаронца адзначыў, што

рашэнні КПЧ ААН беларуская ўлада, як правіла, ігнаруе.

Гэта ўжо не першая такая скарга з Беларусі, прынятая да разгляду КПЧ ААН. Днямі там зарэгістравалі скаргу грамадскага актывіста Ягора Баброва, які таксама скардзіцца на ўмовы ўтрымання ў ЦІП і «на бесчалавечнае, якое зневажае чалавечую годнасць», абыходжанне ў гэтай установе. Яго скарга зарэгістравана за нумарам 2181/2012.

Пра бесчалавечныя ўмовы ўтрымання ў ЦІП на Акрэсціна не раз заяўлялі многія дэмакратычныя актывісты, якія там пабывалі. У чэрвені гэтага года праваабаронца і юрыст Алег Волчак запатрабаваў ад пракуратуры Мінска закрыць ЦІП «да прывядзення ўмоў утрымання ў ім у адпаведнасць з заканадаўствам».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?