Упраўленне Следчага камітэта па Гродзенскай вобласці 12 верасня распачала справу па факце прычынення смерці па неасцярожнасці паводле ч. 1 арт. 144 Крымінальнага кодэкса ў сувязі з гібеллю жыхара Смаргоні 1952 года нараджэння.

Як паведаміў афіцыйны прадстаўнік УСК па Гродзенскай вобласці Сяргей Шаршаневіч, 11 верасня пра невядомае знікненне мужчыны, які збіраў у лесе грыбы, паведаміла жонка. Пасля гэтага Смаргонскі РАУС сумесна з супрацоўнікамі органаў пагранічнай службы арганізаваў пошук.

Труп мужчыны быў выяўлены 12 верасня ў лясным масіве непадалёк ад вайсковага стрэльбішча вучэбнага цэнтра Інстытута пагранічнай службы, на якім 11 верасня праходзілі вучэбныя стрэльбы з розных відаў зброі.

Падчас расследавання крымінальнай справы высветлілася, што

ваеннаслужачыя ачаплення папярэдзілі мужчыну аб правядзенні стрэльбаў, аднак ён усё адно пайшоў на палігон.

З мэтай высвятлення ўсіх акалічнасцяў трагедыі следчыя правялі агляд месца здарэння, дапытваюцца асобы, паказанні якіх важныя для ўстанаўлення праўды. Прызначаны шэраг экспертыз. З цела загінулага судовыя медыкі вынялі два металічныя асколкі боепрыпасаў.

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?