Марзалюк: Дэпутатам трэба заняцца прасоўваннем беларускай мовы
Кандыдат у дэпутаты савета рэспублікі абяцае займацца мовай і культурай.
Якія праблемы для вырашэння вы паставілі б перад дэпутатамі парламента новага склікання? Такое пытанне паставіла «Звязда». Вось што адказаў прафесар Магілёўскага ўніверсітэта Ігар Марзалюк, які вылучаны кандыдатам у савет рэспублікі ад Магілёўскай вобласці:
— Я лічу, што неабходна распрацаваць эфектыўнае заканадаўства па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі, у тым ліку і помнікаў археалогіі. Гэта вельмі важная праблема, на мой погляд. «Чорныя» капачы практычна беспакарана вымаюць з нашай зямлі каштоўныя рэчы і робяць на гэтым бізнэс. Трэба правесці татальную інвентарызацыю рухомых і нерухомых помнікаў нашай гісторыі і культуры і абараніць іх. Ёсць жа добрыя прыклады: напрыклад, у Ізраілі.
І па-другое, наша беларуская мова і нацыянальныя традыцыі. Варта звярнуць пільную ўвагу на нашу моўную палітыку, на беларускую культуру. Усё ж без прасоўвання тут не абысціся. Мова — гэта візітоўка нашага народу, і трэба, каб яна захавалася. Найлепш пра гэта сказаў Алесь Разанаў: «Кожны народ мае хаця б адзін геніяльны твор, і гэты твор — мова».
Ігару Марзалюку 44 гады, ён прыхільнік «славянскай», крытык «балцкай» тэорыі паходжання беларусаў.
Паводле Zviazda.by
Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?
Пішыце рэдактару «Нашай Нівы» ў ТГ