У прэс-службе прэзідэнта Беларусі не змаглі пракаментаваць сапраўднасць указа аб даванні Катару зямельных участкаў. «Прэс-служба прэзідэнта не мае інфармацыі аб указах прэзідэнта для службовага карыстання, да нас паступаюць толькі адкрытыя дакументы», — заявіў кіраўнік прэс-службы Павел Лёгкі.

17 верасня інтэрнэт-рэсурс «Беларускі партызан» апублікаваў копію распараджэння Мінскага аблвыканкама пад грыфам «для службовага карыстання» («дск»).
З дакумента вынікае, што ён прыняты ў адпаведнасці з указам прэзідэнта ад 9 ліпеня 2012 года № 302-дск «Аб даванні Дзяржаве Катар зямельных участкаў для будаўніцтва рэзідэнцыі і паляўнічых вальераў».
Мінаблвыканкаму сумесна з зацікаўленымі ведамствамі даручана «ажыццявіць да 31 снежня 2012 года выдзяленне Дзяржаве Катар для будаўніцтва рэзідэнцыі і паляўнічых вальераў,
а таксама аб’ектаў інжынернай і транспартнай інфраструктуры, якая забяспечвае іх функцыянаванне, зямельных участкаў у межах, складзе, плошчай і прызначэннем згодна з дадаткам».

Зямельны ўчастак для будаўніцтва рэзідэнцыі даецца Дзяржаве Катар «ва ўласнасць на бязвыплатнай аснове», а ўчасткі для будаўніцтва паляўнічых вальераў — «у арэнду тэрмінам на 99 гадоў без збірання платы за права заключэння дагавораў арэнды».

Гэта ўжо не першы дакумент пад грыфам «дск» аб перадачы зямель Катару, які стаў набыткам галоснасці.

У кастрычніку 2011 года ў сетцы быў выкладзены пратакол даручэнняў паводле вынікаў візіту Лукашэнкі ў Катар 15–16 жніўня таго ж года.

Сярод даручэнняў, пра якія гаварылася ў пратаколе, было даручэнне памочніку прэзідэнта Беларусі па нацыянальнай бяспецы вызначыць «для членаў правячай сям’і Катара зямельныя ўчасткі для магчымага будаўніцтва на іх рэзідэнцый і арганізацыі паляўнічых угоддзяў».

У пратаколе таксама ішла размова аб выдзяленні зямель пад стварэнне ў Беларусі прамысловай зоны «Катарскі востраў у Еўропе», дзе будуць размешчаны катарскія банкі, дзелавыя і культурныя цэнтры арабскіх краін.
Межы зямельных участкаў даручалася вызначыць да 31 кастрычніка 2011 года. Куратарамі праекта былі прызначаны Нацбанк і ПУП «Тэхналогіі кіравання», якія павінны былі падрыхтаваць нарматыўную базу для стварэння зон «з максімальна льготным рэжымам для функцыянавання фінансавых і банкаўскіх цэнтраў, уключаючы ісламскія структуры».
Акрамя гэтага пратакол даручаў ураду: вызначыць тэрміны і механізмы рэалізацыі праектаў па стварэнні сумесных прадпрыемстваў па здабычы калійных соляў на Акцябрскім і Петрыкаўскім радовішчах, распрацоўцы ў Беларусі радовішчаў жалезнай руды, а таксама разгледзець магчымасць стварэння СП пры ўдзеле кампаніі «Катар Петролеум» і беларускага ПУП «БТ Тэлекамунікацыі» па выпуску комплексных угнаенняў у Беларусі і мэтазгоднасць паставак у Беларусь катарскага звадкаванага газу.

Сапраўднасць пратакола прэс-служба прэзідэнта таксама не каментавала.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?