У сцэнаграфіі часам было больш Святой Русі, чым Караткевіча.

У сцэнаграфіі часам было больш Святой Русі, чым Караткевіча.

9 і 10 верасня Опера адкрыла свой юбілейны,80-ы сезон, прэм’ерай новай пастаноўкі оперы Дзмітрыя Смольскага «Сівая легенда» (лібрэта Уладзіміра Караткевіча паводле аднайменнай аповесці).

Спектакль у панядзелак, 10 верасня, быў у разы мацнейшы за спектакль у першы дзень прэм’еры — і спявалі лепш, і шмат што было паказана больш выпукла

(кажуць, што акурат у панядзелак чакаўся наплыў нейкіх важных асоб — заўважыў, што сярод чынавенскіх бонзаў стала модным і ганаровым хадзіць у оперу).

«Зняццё лішняга»

Сёлетняя версія «Сівой легенды» радыкальна адрозніваецца ад першапачатковай, якую стварылі пры жыцці Караткевіча.

Кампазітар не проста касметычна (у планеінструментоўкі-аркестроўкі) парэдагаваў оперу, а унёс істотныя змены. Калі тая рэдакцыя была светлая, то гэтая — змрочная.

Трэба разумець, што менавіта Смольскі, як ён сам прызнаў, «зрэзаў з пастаноўкі тое, што не адпавядала рэаліям сённяшняга дня».

Месцамі нават нашкодзіў арыям, меладыйнай лініі, хаця гэта, канечне, суб’ектыўна. Напэўна адсюль і простае рашэнне пастаноўшчыка Міхаіла Панджавідзэ — учапіцца за павярхоўную, хаця і вельмі прыгожую, ідэю «барацьбы «дольнага», цёмнага Замка і «горнага», светлага Храма». Ну і там усякія прыгожыя царкоўныя лаўсторы пра Пятра і Фяўронію. Пастаноўка не мае нейкіх неверагодных рэжысёрскіх знаходак, рэжысура дабротная і амаль цалкам у рэчышчы здаровага традыцыяналізму, аднак, у цэлым, спектакль вельмі дынамічны, выглядае эфектна, глядзіцца на адным дыханні, як нейкае шоу.

«Зняццё лішняга» пакінула на маргінэсе тэму сялянскага паўстання, спрасціўшы да ўзроўню трафарэту галоўны вобраз оперы — вобраз Рамана Ракутовіча, зрабіўшы яго амаль выключна лірычным

(хаця некаторыя свае погляды, у тым ліку на «зямельнае пытанне» герой раскрывае ў праграмнай арыі «Як сэрца баліць над здраджаным краем»), аднак гэта не знаходзіць належнага раскрыцця ў дзеянні оперы.

На самай справе, прычынай таго, што ніводная з ліній акрамя любоўнай не раскрываецца належным чынам, з’яўляецца тая, што па віне, як гэта ні дзіўна, кампазітара (Караткевіч пісаў лібрэта ўжо пад гатовую музыку) — малая гэта опера, куцая. Не палатно.

А рэжысёр якраз хацеў тут зрабіць экшн, «Галівуд», выбару ў яго асабліва не было. Дадаць крыху сімвалізму і нібыта хопіць.

Плюс ампутацыя канечнасцяў гільятынным метадам і энуклеацыя вачэй без анэстэзіі…

«Як здрадзіць подзвігу кахання?»

Пастаноўшчыкі акцэнтуюць увагу на ідэі ўсёпераможнага кахання.

Цаной калецтва нобіль уз’ядноўваецца з каханай халопкай. Нельга сказаць, што ў спектаклі няма Беларусі. Яна прысутнічае — у кожнай арыі кожнага з герояў, а галоўнае, у выніку — на шыбеніцы, а потым і з адсечанымі рукамі, без вачэй. Усе гэтыя сцэны ўзрушваюць. Аднак выклікае ніякаватасць пэўны антыклерыкальны і антыкаталіцкі акцэнт рэжысёра. Ці сапраўды ў Караткевіча так акцэнтаваны рэлігійны прыгнёт?

Галоўная праблема, на маю думку, у тым, што рэжысёр не адчувае матэрыялу так, як гэта павінен бы адчуць глыбока нацыянальны рэжысёр, якім Панджавідзэ, канечне, не ёсць.

Магчыма, ён сапраўды бачыць у такіх праваслаўных рэмінісцэнцыях ілюстраванне душы беларускае, вобразу Беларусі, яе чысціні. Гэткая стэрэатыпная «Белая Русь».

Аднак трэба падзякаваць Міхаілу Панджавідзэ за ўвагу да нацыянальнай оперы, пагружэнне ў матэрыял. Ці дачакаем калі-небудзь мы сваіх оперных рэжысёраў? Іх і ў драматычным тэатры вобмаль, што і казаць пра оперную рэжысуру, дзе наогул працуюць адзінкі ў радыўсе некалькіх тысяч кіламетраў, і не ўсе сярод іх таленавітыя. Выміраючая прафесія.

Не здраджвае рэжысёр і сваім аблюбаваным прыёмам — камп’ютарнай праекцыі («Набука», «Тоска»), размяшчэнне хору на балконе глядзельнае залы («Тоска»).

Сцэнаграфія Аляксандра Касцючэнкі, наколькі відовішчная (сцэнічная механіка зноў трыумфуе, б’ючы нават «Набука»), нагэтулькі і спрэчная.

Шмат прэтэнзій па лініі «гістарычнай праўды» — перш за ўсё да архітэктурных тэм. Не датрымаліся сапраўднасці, адпаведнасці часу, занадта вольна, стылізавана падышлі. Думаецца, большая праўдзівасць дадала б пастаноўцы хараства і эфектнасці.

Тэзіс пра стылізацыю пацвярджае і праца мастака па касцюмах — сумнеўнымі выглядаюць калготы Любкі, ды гэта дробязь. Камп’ютар нам праектуе сілуэты храмаў, пабудаваных значна пазней, якія зусім не вяжуцца з пачаткам XVII стагоддзя, зашмат батальных сцэн у праекцыях.

Харэаграфіі ў спектаклі амаль няма, але тая, якая ёсць, зроблена халтурна — дзяўчаты (у вянках, канечне ж, у аднолькавых светла-русых парыках, канечне ж, сімвалізуюць чысціню, народ і Беларусь, канечне ж) водзяць нейкія дзяжурна-ненатуральныя, сцэнічна-фальклорныя карагоды (у балетках, канечне ж).

Спатыкнуліся аб мову

У цэлым, шмат што маглі палепшыць выканаўцы, але праз нядбайную працу са словам, часам на мяжы з непавагай, было шмат непрыемных уражанняў ад спеваў. Асабліва ў першы дзень.

Дасведчанае мецца-сапрана Аксана Якушэвіч (Любка), якую яе прыхільнікі з ліку прафесіяналаў схільныя параўноўваць з Джэсі Норман, на жаль, не дабрала не толькі артыкуляцыі, спяваючы ледзь не «па-ангельску», але і добрага густу, залішне эпатажна і сучасна трактуючы рэжысёрскую задуму, што Любка — жанчына-вамп, звышсэксуальная распусніца, а не высакародная гераіня высокіх пачуццяў. Любка ў выкананні зусім маладой спявачкі Крыскенціі Стасенка нашмат больш густоўная дый вакальна не надта прайграе Якушэвіч, значна лепш працуе з беларускім словам. Хаця, канечне, Любкі атрымаліся пасрэдныя ў абедзвюх — не запамінальныя, і, што яшчэ горш, не кранаюць. Віна тут, відаць, рэжысёра, які не «адчуў» гэтага персанажа Караткевіча.

Высокі прафесіяналізм прадэманстравалі выканаўцы партыі прыгоннай Ірыны — заслужаныя артысткі Настасся Масквіна і Ніна Шарубіна.

У Масквіной вобраз Ірыны атрымаўся крыху вакальна і сцэнічна пляскаты — Масквіна спявачка па прыродзе лірычная, з адпаведнай сцэнічнай псіхафізікай, галоўнай рысай якой заўсёды выступае гэткая скандынаўска-беларуская халоднасць, — яе Ірына атрымалася светлая, чыстая, знешне вельмі стрыманая, аднак з істотным вакальным недахопам — спявачка не давала рады беларускаму тэксту.

Зусім іншы вобраз стварыла прыма Ніна Шарубіна, чарговы раз давёўшы канкурэнткам і публіцы свой статус лідаркі і высокага прафесіянала, адоранага голасам і артыстызмам.

Ірына Шарубінай парадавала бліскучым вакалам, дакладнасцю інтанавання, калі суперажываеш кожнаму слову, а таксама багаццем граняў сцэнічнага вобразу — пяшчота і спагадлівасць, сплеценыя з рашучасцю і смеласцю, і, каб не бязглузды ненатуральны парык, гэта быў бы ідэальны вобраз беларускі, якая мужна ідзе на пакуты, калецтва, дзеля кахання.

Парадавалі барытоны.

Кізгайла і Станіслава Трыфанава, і Уладзіміра Громава — вялікія творчыя ўдачы спевакоў. І калі Трыфанаў лідзіруе ў вакальнай намінацыі, то Громаў выдатна асвоіў прапанаваныя рэжысёрам эфектныя мізансцэны з распрананнямі, і не толькі. Да таго ж, парадаваў і вакальна — стараннымі ўдумлівымі спевамі, імкнуўся да пранікнёнага выканання.

Прайгралі ўсім тэнары.

Значна лепшым за народнага артыста Сяргея Франкоўскага, які, трэба прызнаць са шкадаваннем, крайне неэфектна выступіў у партыі Рамана, выглядаў Эдуард Мартынюк, але пры яго артыстычных здольнасцях публіка чакала большай выразнасці.

Магчыма, усім салістам працавалася б значна прасцей, калі б не любоў дырыжора Віктара Пласкіны да фортэ і фарцісіма.

Калі не лічыць таго, што ён бязбожна глушыў салістаў (хаця тут яшчэ і каварства партытуры, так званы інструментальны падыход да арый, які ўжыў кампазітар), праца апошняга (а ёндырыжор-пастаноўшчык спектакля) выглядала цалкам прыстойнай, аркестр гучаў добра, асабліва ў аркестравых фрагментах.

Як сказаў мой выпадковы сусед-юнак сваёй бабулі: «Бабуля, які саўндтрэк!». І сапраўды, пастаноўка па эстэтыцы, дынамічнасці, па ўспрыманні наогул шмат у чым нагадвала кіно…

Хочацца верыць, што спектакль набярэ абароты і стане годным упрыгажэннем рэпертуару, а яшчэ лепш — адпраўным пунктам у павароце тэатра да нацыянальных твораў. Галоўная сцэна краіны абяцае неўзабаве балет Вячаслава Кузняцова «Князь Вітаўт». Пабачым. А пакуль — усіх з прэм ’ерай!

Наступная «Сівая легенда» — 2 кастрычніка. Квіткі ў продажы.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?