* * *
- Няхай крычаць, злуючыся, скептыкі,
Хай сто разоў скажуць нам: «Усё прайшло.
Усё рашылі за вас. Без гістэрыкі.
І сонца іншае зараз узышло».
Што словы іхныя нам, што змагаліся,
Што на змаганьне аддалі жыцьцё?
У нас у вачох Адраджэньне запалена,
У іх там пуста, там цемра пад шклом.
Яны пазьдзекваюцца з нашай гжэчнасьці,
Яны пасьмейваюцца над сьвятым,
Затое мы застанемся ў вечнасьці,
Яны ж сыдуць незаўважна, як дым.
У нас ёсьць дзень. Ён адзіны для нас усіх,
Для нас, хто верыць, што край наш Жыве.
Ён будзе быццам плянэты ўсяе ўздых,
Ён як ахвяра Багіні‑Вясьне.
Я не дазволю сабе расчароўвацца,
На шчасьце не падымецца рука,
На дзень Сьвяты Беларускае Вольнасьці,
На Дваццаць Пятага Сакавіка.
0
0
0
0
0
0