«Салідарнасць» прасачыла за яго ходам і асаблівасцямі ў глыбінцы.
Ужо за 50 кіламетраў ад Мінска выбарчыя ўчасткі літаральна спаборнічаюць у «стыльным» афармленні. У вёсцы Юрава з пачаткам датэрміновага галасавання на ўчастку толькі міліцыянт і чальцы камісіі, а сапраўднае жыццё кіпіць у мясцовай краме. У чаканні машыны з малаком жыхары абмяркоўваюць ураджай бульбы і кандыдата ў дэпутаты, які балатуецца па іх акрузе.
А за дзесяць кіламетраў, у вёсцы Куркова, галасаванне ўжо пачалося, камісія апячатала скрыню, чакае першых выбаршчыкаў.
На стэндзе з агітацыяй маўклівы напамін пра байкот выбараў — перадвыбарчы плакат з залепленым кандыдатам ад БНФ.
Участак пустуе нядоўга.
Дзве бабулі прыехалі на свой выбарчы ўчастак з аказіяй, каб прагаласаваць датэрмінова, таму што ў нядзелю трэба займацца гаспадаркай, і часу хадзіць на выбары не будзе.
Як на заказ, у Курковскі дом культуры, дзе размясціўся ўчастак, уваходзіць музыка з трубой і пачынае найграваць нешта на сваім вялікім інструменце. Такі вось мясцовы Кустурыца.
Пагаварыўшы з людзьмі, даведаўся, што спецыяльна ісці на выбары 23 верасня многія не імкнуцца.
— Хай бы іх выбралі за нас. А нам бульбу трэба перабіраць, — кажа адна з жанчын. — Няма на гэта часу.
Фенаменальнай датэрміновай яўкі на ўчастках няма. Да абеду на чатырох наведаных участках прагаласавала ад 3 да 8 чалавек. Самая вялікая яўка, зразумела, у сельскай школе.
У Касінскай сярэдняй школе літаральна за пяць хвілін да абедзеннага перапынку паспела прагаласаваць 4 чалавекі. Матывацыя тая ж: нядзелю хочуць цалкам прысвяціць уборцы ўраджаю.
Падчас размоваў пра байкот і пра тое, што галасаваць лепш у дзень выбараў, людзі толькі ўсміхаюцца і здзіўлена разводзяць рукамі. Маўляў, не чулі, ды і якія ў нас фальсіфікацыі, бачыце, нават скрыню на абедзенны перапынак чальцы камісіі па ўсіх правілах заляпляюць і распісваюцца. Так што ўсё сумленна.