Лідэр WZ-Orkiestra тут выступіў мастацкім кіраўніком праекту, але ў саму творчасьць расейскамоўнай сьпявачкі ня ўмешваўся — музыка і словы ейныя. Гэтак «Сузор’е» калісьці акампанавала Надзеі Мікуліч.

Толькі ў нашым выпадку музыкі гэта робяць са сваёй волі, а значыць — з большаю ахвотаю. Баян Шувалава і скрыпка Мінчанкі тут акурат вызначаюць атмасфэру і настрой упоравень з голасам Вольгі Залескай. Ды яшчэ гітара Івановіча расстаўляе акцэнты. Часам здараецца, што музыкі адсоўваюць на другі плян саму сьпявачку.

Нешта падобнае ў інструмэнталістаў з WZ-Orkiestra атрымалася і з апошнім дыскам Алеся Камоцкага. Магчыма, таму ягоны «Дах» і «Таверна» Залескай выдаюць на брата і сястру. І Камоцкі, і Залеская заглыбляюцца ў свае адчуваньні і пачуцьці, яны рамантыкі, схільныя да сантымэнтаў.

Толькі адзін адчувае вясну «невялікімі часткамі», а другая нязмушана прапаноўвае: «Калі ты мужчына — вып’ем капучына, ды пойдзем гуляць па правадах». Музыка пасуе для радыёэтэру і для саўндтрэку да талковай мэлядрамы. Мяккія песьні Залескай могуць выклікаць усьмешку ў мужчынаў, а жанчынаў увесьці ў стан задуменьня. Зрэшты, і наадварот таксама магчыма. Гэта той выпадак, калі выканаўца нічога не хавае ад слухача. Калі адчуваеце, што падрыхтаваныя да такой шчырай размовы, — набывайце дыск.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?