Дзікаму зверу ўласціва пазбягаць кантакту з чалавекам. А калі ён усё ж праяўляе ў адносінах да яго агрэсію і «ідзе ў атаку», значыць, людзі парушылі няпісаныя правілы суіснавання з «братамі меншымі». Што і адбылося на днях у Пінскім раёне.

13 верасня механізатары ААТ «Парахонск» Пінскага раёна прыбіралі кукурузу паблізу вёскі Маладзельчыцы. У гэты час у сакавітай пасадцы жыраваў дзік (а, магчыма, і не адзін).

Калі пасля праходу тэхнікі застаўся толькі зялёны астравок няскошаной кукурузы, «загнаны ў кут» звер у пошуках хованкі рвануў у бок вёскі.
Ён шукаў выратавання ў абалоні ракі Прыпяці. Але на шляху зноў апынуліся людзі: па вёсцы таксама сноўдалася тэхніка.
Кабан, праломваючы платы, нёсся праз падворкі вяскоўцаў,
пакуль не апынуўся каля хаты, дзе была адчыненая веранда. На верандзе якраз знаходзіўся 74-гадовы гаспадар.
Раз’юшаны дзік кінуўся на выпадковую ахвяру і нанёс пенсіянеру значныя траўмы.

— Косця збіраўся ў краму, — распавяла карэспандэнту «Вячоркі» родная сястра пацярпелага Марыя Рыгораўна Бут-Гусаім. Іх дамы на вуліцы Цэнтральнай стаяць адзін супраць аднаго. —

Ён ужо замыкаў у доме ўваходныя дзверы, калі на адкрытую веранду ўляцеў дзік і пачаў ірваць яго ікламі. У брата моцна пашкоджаныя ногі і спіна, але жыццёва важныя артэрыі не зачэпленыя.
Ён страціў шмат крыві. Калі б не наша медычка Аксана Паўлаўна, то да прыезду хуткай дапамогі ён бы сапраўды памёр.

Разрабіўшыся з гаспадаром дома на Цэнтральнай, кабан зноў выскачыў на вуліцу і пабег у бок сельскай крамы. У гэты час насустрач рухалася машына, і жывёле прыйшлося звярнуць. Страшна ўявіць, што магло адбыцца, калі б на яго шляху апынуліся пешаходы. А так

ударам галавы ён раскрыў металічныя вароты ў чарговым двары, у канцы гарода прабіў плот з металічнай сеткі і пайшоў туды, куды імкнуўся, — у пойму Прыпяці.

На месцы здарэння пабывалі супрацоўнікі абласной і раённай прыродаахоўных інспекцый. Вось як пракаментаваў сітуацыю намеснік начальніка абласной інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры прэзідэнце Рэспублікі Беларусь Сяргей Штык:

— У ліпені бягучага года, перад пачаткам уборачнай кампаніі, ва ўпраўленне сельскай гаспадаркі Пінскага райвыканкама быў накіраваны ліст, у якім

рэкамендавалася прыняць меры па прадухіленні гібелі жывёл у межах паляўнічых угоддзяў. У прыватнасці, праводзіць сенажаць, а таксама ўборку збожжавых і кармавых культур па кірунку ад цэнтра ўчастка сельскагаспадарчых зямель да бакоў
і абсталяваць тэхніку прыладамі — механічнымі, гукавымі або светлавымі. За парушэнне гэтых патрабаванняў у заканадаўстве прадугледжана адказнасць як юрыдычных, так і фізічных асоб. Можна меркаваць, што менавіта
няправільны падыход да ўборкі кукурузнага поля справакаваў агрэсіўнасць жывёлы.
Акрамя таго, поле каля вёскі Маладзельчыцы можна было разбіць на ўчасткі і пачаць уборку з таго, што прымыкае да вёскі.

А калі з механізатараў не пытаюцца за датрыманне мераў перасцярогі — бываюць такія надзвычайныя здарэнні. Бо не сакрэт, што, прыбіраючы кармавыя культуры, механізатары нярэдка трымаюць у кабіне камбайна або трактара стрэльбу. Можа, пашанцуе паласавацца свежанінай…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?