Міністэрства фінансаў ЗША ўвяло санкцыі ў дачыненні да дзяржаўнага знешнегандлёвага ўнітарнага прадпрыемства «Белзнешпрамсэрвіс» па падазрэнні ў пастаўках узбраенняў у Сірыю.

У прэс-рэлізе Мінфіна ЗША ўказваецца, што «Белзнешпрамсэрвіс» падвергнуты санкцыям за свае сувязі з Бюро армейскага забеспячэння, якое ўваходзіць у структуру Міністэрства абароны Сірыі і займаецца закупкамі звычайных узбраенняў, у тым ліку ракетнай тэхнікі. Паводле даных ЗША, «у сакавіку 2011 года Бюро армейскага забеспячэння рыхтавалася атрымаць ад „Белзнешпрамсэрвісу“ дэтанатары для авіябомбаў».

«Авіябомбы выкарыстоўваліся ўзброенымі сіламі Сірыі апошні раз у ліпені 2012 года пры бамбардзіроўках Алепа, якія былі часткай скаардынаваных дзеянняў урадавых войскаў па запалохванні сіл апазіцыі», — паведаміў Мінфін ЗША.

«Распачатыя намі захады закліканы спыніць паток зброі і сістэм сувязі кіруючаму рэжыму Сірыі, а таксама прадухіліць іх выкарыстанне супраць насельніцтва Сірыі», — заявіў намеснік міністра фінансаў ЗША па пытаннях барацьбы з тэрарызмам і фінансавай разведцы Дэвід Коэн.

Увядзенне такіх санкцый азначае, што замежная кампанія не зможа мець ніякіх спраў з амерыканскімі ўрадавымі ці прыватнымі структурамі, а яе рахункі ў банках ЗША (калі такія ёсць) будуць замарожаны.

«Белзнешпрамсэрвіс» — дзяржаўнае экспартна-імпартнае прадпрыемства, якое прапаноўвае ўвесь спектр паслуг па распрацоўцы, вытворчасці, мадэрнізацыі, рамонце, рэалізацыі ўзбраення, ваеннай тэхнікі, ваенна-тэхнічнай маёмасці, іх камплектуючых элементаў, спецыяльнага тэхналагічнага абсталявання і матэрыялаў.

У інтарэсах замежных замоўцаў і інвестараў «Белзнешпрамсэрвіс» прапаноўвае паслугі беларускага навуковага і вытворчага патэнцыялу, новыя тэхналогіі вытворчасці і аднаўлення дэталяў, перадавыя метады дыягностыкі і рамонту, сучасныя варыянты мадэрнізацыі, а таксама стварэнне сумесных вытворчасцяў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?