Былы старшыня савету рэспублікі, акадэмік Аляксандар Вайтовіч сказаў, што 23 верасьня ён пры добрым надвор’і паедзе на лецішча зьбіраць яблыкі, а пры дрэнным — будзе займацца сваёй навуковай працай.
«Не пайду я галасаваць, бо там няма выбараў, а ёсьць такое прызначэньне.Сяргей Калякін некалькі гадоў таму апавясьціў, што на такіх выбарчых участках галасаваньне будзе такое і сказаў колькі працэнтаў за кожнага кандыдата. Сказаў гэта за два дні да выбараў. Адбыліся выбары, дык аказалася, што з дакладнасьцю да дзесятай працэнта ўсё супала. А Калякін узяў гэтыя лічбы з тых абавязковых дадзеных, якія спусьцілі на выбарчыя ўчасткі. То бок выбараў не было, а напісалі тое, што спусьцілі зьверху. А потым яшчэ і кіраўнік краіны таксама сказаў, што пішуць вынікі, якія ён загадвае. Значыць, выбараў няма.
Ну дык чаго хадзіць туды, дзе адбываецца не дзея, а толькі нейкая імітацыя. Я не пайду».